БЕЛ Ł РУС

Правакатар з Беларусі напаў на Паўла Латушку ў Варшаве

2.07.2025 / 14:49

Nashaniva.com

Мужчына кінуўся з сметніцай на Паўла Латушку. Інцыдэнт адбыўся сёння падчас канферэнцыі Warsaw East European Conference, якая праводзілася ў Варшаве ў рамках святкавання 35-годдзя Studium Europy Wschodniej, піша Reform.news.

«Здрайца! Хацеў спаліць апазіцыянераў!» — крыкнуў ён і кінуў сметніцу ў беларускага палітыка.

Нападнікам аказаўся Яўген Казанцаў. Яму 33 гады. Ён прыехаў вучыцца ў SEW па праграме маладых навукоўцаў.

Свой учынак журналісту Reform.news мужчына патлумачыў тым, што ў яго скончылася віза. Расказаў, што «выгарэў» і не змог абараніць навуковую працу. Па яго версіі, напад на Латушку дазволіць яму свабодна вярнуцца ў Беларусь.

У сетцы можна знайсці згадкі пра Казанцава. Так, у верасні 2022 года ён даваў інтэрв’ю тэлеканалу СТБ як магістр гістарычных навук, даследчык. 8 гадоў таму СТБ рабіла пра яго сюжэт як пра чалавека, які «прыдумаў гербы для ўсіх раёнаў Мінска».

Казанцаў нарадзіўся ў Мінску 5 верасня 1991 года. Вучыўся на гістфаку БДУ і ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы.

У нядзелю Казанцаў выгукнуў «Ганьба!» падчас выступу Зянона Пазняка на канферэнцыі ў Варшаве ды імкліва выбег на двор.

Учора Лукашэнка, выступаючы на ўрачыстым сходзе з нагоды 3 ліпеня, заявіў, што Павел Латушка хацеў сабраць у паслявыбарную ноч у цэнтры Мінска штаб Ціханоўскай і спаліць яго, каб стаць лідарам апазіцыі.

«Паталагічны хлус Лукашэнка пераўзышоў самога сябе. У ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года я быў генеральным дырэктарам Купалаўскага тэатра і сваімі вачыма бачыў зарава ад выбухаў гранат над цэнтрам Мінска, калі па яго загадзе пачалі забіваць і здзекавацца з беларусаў», — напісаў у адказ Павел Латушка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула