Стабальнікаў на ЦТ у 2025 годзе аказалася на 40 працэнтаў больш, чым летась
У гэтым годзе на ЦТ у Беларусі зарэгістраваліся 60 626 чалавек, або на 5,6 тыс. больш, чым у 2024-м. У выніку ў асноўныя і рэзервовыя дні экзамен напісалі каля 58,5 тысяч чалавек. Такія звесткі агучылі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі ў прэс-цэнтры Дома прэсы.
Фота: БелТА
Найбольш папулярным прадметам на ЦТ стала англійская мова, якую здавалі больш за 16 тыс. чалавек. У топ-3 таксама фізіка — 13 тыс. і матэматыка — 10,4 тыс.
У той жа час выпускнікі школ здавалі цэнтралізаваны экзамен па двух прадметах. Яго напісалі 56 977 чалавек. Больш за ўсё — рускую мову (46 тыс.), матэматыку — 19 тыс. і беларускую мову — каля 11 тыс.
Па выніках ЦТ максімальныя 100 балаў набралі 968 абітурыентаў у 983 выпадках па 14 прадметах. Толькі аднаму чалавеку ўдалося набраць сотню па трох прадметах, па двух максімальны вынік паказалі 13 абітурыентаў, па адным — 954. Дарэчы, летась стабальнікаў было 684, то бок на 41% менш.
За мабільныя тэлефоны ў гэтым годзе з ЦТ выдалілі 15 абітурыентаў, летась такіх парушальнікаў было шэсць.
Што тычыцца ЦЭ, сотні набралі 1454 выпускнікі ў 1604 выпадках. Па два стабальныя вынікі атрымалі 150 чалавек. Трох выдалілі з экзаменаў за тэлефоны, летась такіх было дзевяць.
Сёлета 26 мая праходзілі цэнтралізаваны экзамен па прадмеце на выбар для 11-класнікаў і ЦТ па прадмеце на выбар для выпускнікоў мінулых гадоў і выпускнікоў каледжаў. ЦЭ па беларускай або рускай мове для 11-класнікаў і ЦТ па гэтых жа мовах для выпускнікоў мінулых гадоў і каледжаў здавалі 29 мая. Акрамя таго, 2 і 5 чэрвеня прайшлі ЦТ па прадмеце на выбар для ўсіх абітурыентаў. Таксама былі прадугледжаны рэзервовыя дні для тых, хто па ўважлівай прычыне прапусціў экзамен.
У 2025 годзе ВНУ Беларусі гатовыя прыняць 48,3 тыс. абітурыентаў, з іх на бюджэт — 31,8 тыс., што на 400 больш у параўнанні з папярэднім годам. У каледжах чакаюць 38,6 тыс. чалавек.