БЕЛ Ł РУС

Беларусу, які збіў на аўтамабілі ў Польшчы маці і дачку, пагражае да 20 гадоў турмы

2.07.2025 / 10:43

Nashaniva.com

31-гадоваму грамадзяніну Беларусі, які 29 чэрвеня збіў маці і дачку ў Любушскім ваяводстве Польшчы, пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. Адна з ахвяраў памерла на месцы, іншую шпіталізавалі, піша Most.

Мужчыну ўжо выставілі абвінавачванні па факце смяротнага ДТЗ пад уздзеяннем алкаголю, а таксама ў тым, што ён збег з месца здарэння.

ДТЗ адбылося ў раёне вёскі Ярнатуў. Мужчына ехаў на аўтамабілі Mazda. На павароце ён не справіўся з кіраваннем, з'ехаў на левы бок дарогі, знёс дарожны знак і збіў дзвюх жанчын каля іх дома. Паводле інфармацыі медыкаў, верагодна, малодшую з іх аўтамабіль працягнуў за сабой.

59-гадовая жанчына загінула на месцы, а 24-гадовую ў цяжкім стане выратавальным верталётам даставілі ў бальніцу. У яе быў пералом і звязаныя з ім раны.

Мужчына ўцёк з месца здарэння. Каб знайсці яго, дзяжурныя задзейнічалі патрулі. Але на след мужчыны дапамаглі выйсці выпадковыя сведкі. Муж і жонка ехалі той жа дарогай і заўважылі па шляху аўтамабіль з пашкоджаным шклом. Гэта здалося ім падазроным, і яны паведамілі пра гэта паліцыі. Акрамя таго, яны ехалі за машынай і перадавалі дзяжурнаму інфармацыю пра яе месцазнаходжанне.

Менш чым праз 20 хвілін пасля смяротнага ДТЗ паліцыя знайшла вінаватага. Зразумеўшы, што яго хочуць затрымаць, ён пакінуў свой аўтамабіль і паспрабаваў збегчы пешшу. Спробы аказаліся беспаспяховымі, паліцыя затрымала парушальніка.

У арганізме аказалася больш за 1,4 праміле.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула