З 1 ліпеня USAID афіцыйна спыняе аказваць замежную дапамогу
Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) з 1 ліпеня афіцыйна спыняе адміністраванне праграм замежнай дапамогі. Частка гэтых праграм пяройдзе пад кіраванне Дзяржаўнага дэпартамента. Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа на платформе Substack.
Марка Рубіа. Фота: Saul Loeb, Pool Photo via AP
З гэтага часу праграмы замежнай дапамогі, якія адпавядаюць палітыцы адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа і прасоўваюць інтарэсы ЗША, будзе адміністраваць Дзяржаўны дэпартамент. Па словах Рубіа, гэта дазволіць рэалізаваць іх з «большай падсправаздачнасцю, стратэгіяй і эфектыўнасцю».
«Мы будзем аддаваць прыярытэт гандлю над дапамогай, магчымасцям над залежнасцю і інвестыцыях над дапамогай», — заявіў Марка Рубіа.
«Мы не будзем прасіць прабачэння за прызнанне таго, што даўняя адданасць Амерыкі гуманітарнай дапамозе і эканамічнаму развіццю за мяжой павінна быць накіравана на прасоўванне знешняй палітыкі «Амерыка вышэй за ўсё», — падкрэсліў дзяржсакратар ЗША.
«Занадта часта гэтыя праграмы падтрымлівалі антыамерыканскія ідэі і групы ад глабальных ініцыятыў па DEI (разнастайнасці, роўнасці і інклюзіі), цэнзуры і аперацый па змене рэжымаў да НДА і міжнародных арганізацый, якія супрацоўнічаюць з камуністычным Кітаем і іншымі геапалітычнымі супернікамі», — заявіў Рубіа.
«Амерыканцы не павінны плаціць падаткі для фінансавання нягеглых урадаў у далёкіх краінах. У далейшым наша дапамога будзе адраснай і абмежаванай па часе», — дадаў ён.
Чытайце таксама:
Рубіа: ЗША больш не будуць несці асноўны цяжар гуманітарнай дапамогі