БЕЛ Ł РУС

Трамп: Падумаю над тым, каб дэпартаваць Маска з ЗША. І нацкую на яго DOGE

1.07.2025 / 17:26

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што гатовы разгледзець магчымасць дэпартацыі свайго былога саюзніка ў Паўднёвую Афрыку.

Ілан Маск і Дональд Трамп. Фота: Kayla Bartkowski / Getty Images

Трамп адказаў на пытанне, ці плануе ён дэпартаваць з ЗША мільярдэра Ілана Маска.

Прэзідэнт ЗША сказаў, што можа разгледзець такую магчымасць. Больш за тое, ён пагражае нацкаваць на Маска ягоную былую структуру — Дэпартамент па ўрадавай эфектыўнасці, пiша USA Today.

«Можа, нам давядзецца нацкаваць на Ілана DOGE. Вы ведаеце, што такое DOGE? DOGE — гэта монстр, якому, магчыма, давядзецца вярнуцца і з'есці Ілана. Хіба гэта не было б жахліва? Ён атрымлівае шмат субсідый», — заявіў Трамп.

Маск сістэматычна крытыкуе падатковы законапраект Трампа, які паступіў у Сенат. Бізнэсмену не падабаецца, што дакумент прадугледжвае рост дзярждоўгу. Мільярдэр пагражае, што на праймерыз перад прамежкавымі выбарамі будзе фінансаваць праціўнікаў тых кангрэсменаў ад Рэспубліканскай партыі, якія прагаласуюць за законапраект. Больш за тое, Маск пагражае стварыць сваю партыю.

Трамп сцвярджае, што сапраўдная прычына незадаволенасці Маска ў тым, што законапраект ліквідуе праграму былога прэзідэнта Джо Байдэна, якая прадугледжвае падатковыя льготы для пакупнікоў электрамабіляў.

Новая слоўная перапалка адбылася ўсяго праз два тыдні пасля таго, як Маск зрабіў крокі да прымірэння з прэзідэнтам — уключаючы асабістыя прабачэнні за абразы, выказаныя ім пасля скандальнага сыходу з адміністрацыі Трампа ў чэрвені.

Маск нарадзіўся ў ПАР. У 2002 годзе ён стаў грамадзянінам ЗША, папярэдне атрымаўшы грамадзянства Канады па матчынай лініі. Да гэтага ў яго была студэнцкая віза ў ЗША, а пасля працоўная віза.

Чытайце таксама:

Ілан Маск прыгразіў стварыць Амерыканскую партыю, калі Кангрэс прыме «вар’яцкі» законапраект

Маск пасварыўся з Трампам: прэзідэнт ЗША здзіўлены нападкамі мільярдэра

Маск публічна выбачыўся перад Трампам за некаторыя допісы

Каментары да артыкула