БЕЛ Ł РУС

Польшча ўводзіць кантроль на мяжы з Літвой і Германіяй

1.07.2025 / 14:46

Nashaniva.com

Прэм’ер Дональд Туск абвясціў пра аднаўленне памежнага кантролю з 7 ліпеня, спасылаючыся на асцярогі адносна некантраляванага патоку мігрантаў. Аднак рашэнне павінна звесці да мінімуму нязручнасці для грамадзян, паведамляе Польскае радыё.

Henry Nicholls, Pool Photo via AP

Сёння ў Варшаве праходзіць пасяджэнне ўрада Польшчы, на якім, у прыватнасці, абмяркоўваецца сітуацыя на польска-нямецкай мяжы. Прычынай уключэння гэтага пытання ў парадак дня стала інфармацыя, што нібыта нямецкія памежнікі адпраўляюць мігрантаў у Польшчу з парушэннем працэдур.

Аднаўленне кантролю на мяжы з Германіяй павінна прадухіліць некантралюемы паток нелегальных мігрантаў — так прэм’ер Польшчы Дональд Туск патлумачыў увядзенне кантролю на польска-нямецкай мяжы.

Праверкі пачнуцца ў панядзелак, 7 ліпеня.

Кіраўнік польскага ўрада сказаў, што адсутнасць кантролю стварае цяжкасці з вызначэннем таго, ці сапраўды людзей, якіх у Польшчу адпраўляюць нямецкія памежнікі, трэба прымаць:

«Часовае аднаўленне кантролю на польска-нямецкай мяжы. Мы лічым неабходным скараціць да мінімуму патокі, якія не кантралююцца нашымі службамі — патокі мігрантаў у абодва бакі праз польска-нямецкую мяжу. Спадзяюся, што негатыўныя наступствы з пункту гледжання інтарэсаў польскіх грамадзян будуць зведзены да мінімуму. Такую задачу мы паставілі і перад памежнікамі, і перад іншымі службамі».

Прэм’ер падкрэсліў, што рашэнне носіць часовы характар, але польскі бок усведамляе яго наступствы для грамадзян, таму памежнікі атрымалі адпаведныя даручэнні: «Да мінімуму. Да абсалютнага мінімуму трэба звесці дзеянні, якія маглі б ускладніць звычайным, нармальным людзям транспарціроўку тавараў, прадуктаў, турыстычны рух. Усё гэта павінна адбывацца як мага нармальней і плаўней, і мы зробім усё магчымае, каб гэтыя наступствы былі як мага менш адчувальныя».

Аналагічныя правілы — як і на мяжы з Германіяй — будуць дзейнічаць з 7 ліпеня і на польска-літоўскай мяжы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула