«Аблапошылі на 1650 рублёў». Як мінчуку на прыпынку госці з Расіі ўцюхалі фэйкавы Apple Watch
Дзмітрый чакаў на прыпынку аўтобус, калі да яго падышлі два мужчыны, піша Onliner.by.
Асноўны дыялог вёў маладзейшы хлопец яны з сябрам прыехалі ў Беларусь, выпілі і патрацілі ўсе грошы ў казіно. Цяпер трэба вярнуцца ў Астрахань, а ў іх няма ні капейкі.
— Я, вядома, крыху здзівіўся, хацелася дапамагчы адразу, але растлумачыў, што яны незнаёмыя мне людзі і даверу ў мяне няма. На што ён стаў прапаноўваць пакінуць пашпарт у заклад, а разам з ім — дарагія гадзіннік Apple Watch Ultra 2 і AirPods Pro — стаў літаральна класці мне іх у мой пакет разам з пашпартам і чэкамі.
Дзмітрый спрабаваў адмовіцца і казаў, што спяшаецца на аўтобус, але хлопцы пачалі ціснуць на пачуцці.
— На пытанне, адкуль у іх гадзінікі і навушнікі, хлопец сказаў, што купіў жонцы, збіраўся падарыць, але трапіў у такую сітуацыю. Пашпарт быў у хлопца расійскі, хутчэй за ўсё, падробка. У выніку я ўзяў гадзіннік і навушнікі, аддаў грошы і паехаў па сваіх справах, нічога не падазраючы. Прыехаў дадому і зразумеў, што «папаў». Напісаў у гэты ж вечар заяву ў міліцыю.
Мяне ашукалі на 1650 рублёў, у якасці закладу пакінулі падробленыя гадзіннік і навушнікі і прадставілі пры гэтым падробленыя чэкі.
Мужчына падазрае, што гэтыя хлопцы маглі падыходзіць і да іншых людзей на вуліцы. Больш за тое, ён сцвярджае, што знайшоў у інтэрнэце дзве аб’явы пра продаж Apple Watch з такім серыйным нумарам.
— Звязаўся з гэтымі людзьмі, яны прадаюць гадзіннікі па цане арыгінала, пры гэтым дакументаў, чэкаў і гарантыйных талонаў у іх няма. Адзін чалавек сказаў, што нібыта падарылі знаёмыя з Расіі, але паколькі гадзіннік не патрэбны, то вырашылі іх прадаць. Я прывёў аргументы, што ў яго падробка. У выніку аб’яву ён не змяніў і не выдаліў.