«Урад у выгнанні — гэта каргакульт». Палітолаг Андрэй Ягораў крытыкуе Офіс Ціханоўскай
Андрэй Ягораў мяркуе, што рух апазіцыі павінен быў развівацца ў іншы бок — не да пастаяннага замацавання асобных фігур, а да самарэструктурызацыі.
Спікер Каардынацыйнай рады мінулага склікання, палітолаг Андрэй Ягораў крытыкуе сучасны падыход беларускай апазіцыі да барацьбы з аўтарытарным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. У размове з Беларускай службай Польскага радыё дзеяч выказаў меркаванне, што паводзіны каманды Ціханоўскай апошніх гадоў нагадваюць «палітыку тысячы замежных візітаў», але не «палітыку тысячы ўдараў па рэжыме», паведамляе Беларуская служба Польскага радыё.
«Беларуская апазіцыя сышла ў вельмі абмежаваную стратэгію: санкцыі, распрацоўка рэформаў у стол, дапамога ахвярам. Але гэтага недастаткова, каб зрушыць рэжым. Мы закансерваваліся ў вобразе ахвяры і губляем суб’ектнасць», — адзначыў Ягораў.
На яго думку, пасля 2020 года дэмакратычныя сілы страцілі магчымасць уплываць на ўнутрыпалітычную сітуацыю, і замест таго, каб прызнаць гэта, працягнулі будаваць сімвалічныя канструкцыі, як, напрыклад, «ўрад у выгнанні». «Калі мы гаворым пра Кабінет, то трэба шчыра прызнаць: гэта не ўрад у выгнанні, а гэта больш нагадвае каргакульт», — заявіў палітык.
Ягораў мяркуе, што рух апазіцыі павінен быў развівацца ў іншы бок — не да пастаяннага замацавання асобных фігур, а да самарэструктурызацыі. «Замест легітымацыі аднаго лідарства трэба было будаваць сістэму зменнай адказнасці, дэмакратычных працэдур, стрымак і процівагаў. Інакш дэмакратыя пераўтвараецца ў дэмакратуру», — падкрэсліў ён.
Эксперт прапануе арыентавацца на досвед сіянісцкага руху канца XIX стагоддзя.
«Габрэі, не маючы дзяржавы, стварылі дакладную, лаканічную праграму — Базэльскую дэкларацыю. Яна складалася з чатырох пунктаў: гуртавання міграцыі, самаарганізацыя, культурная праца і міжнародная падтрымка. Мы павінны зрабіць нешта падобнае для беларусаў», — адзначыў Ягораў.
Палітык таксама звярнуў увагу, што шмат у чым беларусы ўсё яшчэ глядзяць на рэчаіснасць праз прызму расійскага ўплыву. «Нам трэба пазбавіцца маскоўскай оптыкі. Пакуль мы не пераможам Маскву ў сваёй галаве, Беларусь не стане самастойнай», — сказаў ён, згадаўшы вядомы заклік філосафа Уладзіміра Мацкевіча: «Масква павінна быць разбурана — перш за ўсё ў свядомасці беларусаў».
Андрэй Ягораў заклікае да асэнсавання новай рэальнасці, у якой беларусы мусяць існаваць як нацыя ў выгнанні, без кантролю над уласнай тэрыторыяй.