БЕЛ Ł РУС

У Віцебску на ваду спусцілі новы цеплаход

30.06.2025 / 17:32

Nashaniva.com

29 чэрвеня ў рачным порце Віцебска адбылася знакавая падзея — на ваду спусцілі новы тэхнічны цеплаход, які атрымаў імя «Дзвінск». Цеплаход стаў прыкладам таго, што прадпрыемства «Віцебскволтранс» здольнае не толькі абслугоўваць і рамантаваць тэхніку, але і ствараць уласныя судны, піша выданне «Віцьбічы».

Праект, як падкрэсліваецца, распрацоўвалі з нуля, дзякуючы згуртаванай працы прафесіяналаў. 

Цырымонія спуску прайшла ў цёплай атмасферы. Па традыцыі аб нос карабля разбілі бутэльку шампанскага, а яе «розачка» (рыльца з коркам) была перададзена капітану Ігару Іванаву — яна застанецца на борце як талісман.

Судна прызначана для забеспячэння бяспекі суднаходства: яго экіпаж будзе сачыць за глыбінёй ракі, чысціць фарватар і абслугоўваць навігацыйныя знакі. Цеплаход абсталяваны сучасным абсталяваннем — на ім устаноўленыя гідраманіпулятар, рэхалот з вывадам на камп’ютар, створаныя камфортныя ўмовы для экіпажа: чатыры каюты, камбуз, душ, ацяпленне і бытавая тэхніка.

Імя «Дзвінск» (гэта ранейшая назва цяперашняга латвійскага горад Даўгаўпілс) было выбрана невыпадкова. Новае судна назвалі так у гонар аднайменнага паравога аднаколавага цеплахода 1894 года выпуску, які працаваў у Віцебскай флатыліі, быў патоплены падчас вайны, але пазней узняты і адноўлены. Такім чынам, назва новага судна, як сцвярджаецца — гэта і даніна павагі гісторыі.

Капітан «Дзвінска» Ігар Іванаў — вопытны спецыяліст, які працуе ў сістэме ўжо амаль 40 гадоў. Ён будзе адказваць за ўчастак Дзвіны ад Суража да Старога Сяла.

Чытайце таксама:

У Гомелі запускаюць рачны трамвай

Людзі ў шоку ад таго, колькі каштуе восем дзён плыць па рэках Палесся на цеплаходзе «Белая Русь»

Даражэй, чым па Міжземным моры. На Палессі ёсць рачны круіз, квіткі на які не дастаць

Каментары да артыкула