БЕЛ Ł РУС

З’еў кілаграм клубніц — і нічога! А вось што кажа доктар

30.06.2025 / 9:45

Nashaniva.com

Улетку ў Беларусі пачынаецца сапраўдны клубнічны сезон: ягаду купляюць скрынямі, ядуць з вяршкамі, смятанай і без. Onliner высветліў, у чым карысць клубніц для здароўя, ці можна есці іх пры цяжарнасці, колькі ягады бяспечна з’есці за раз і як правільна мыць клубніцы, каб пазбавіцца пестыцыдаў.

Фота: vecteezy.com

У чым карысць клубніц для здароўя і якія вітаміны яна змяшчае?

Асноўную суперсілу клубніцаў мы традыцыйна бачым у яе саладосці, але ў гэтай ягады ёсць і іншыя — не менш важныя — вартасці. Па-першае, па складзе яна зусім бяскрыўдная, а па-другое, змяшчае мноства карысных рэчываў.

— Клубніцы складаюцца з вады і розных простых вугляводаў кшталту глюкозы і фруктозы. Акрамя таго, гэта ягада змяшчае клятчатку і валокны, карысныя для нармальнага функцыянавання кішэчніка, — кажа нутрыцыёлаг Юлія Айзенман. — У дадатак у клубніцах ёсць мноства антыаксідантаў, што спрыяюць аднаўленню абмену рэчываў.

Дарэчы, чым ягада чырванейшая, тым у яе складзе больш антыаксідантаў.

Ёсць у клубніцах і вітамін С, патрэбны нам для здароўя сардэчна-сасудзістай сістэмы і нармальнага артэрыяльнага ціску, калій і фоліевая кіслата. Яна, у сваю чаргу, важная для правільнага дзялення клетак і надзвычай патрэбная цяжарным жанчынам, якім гінеколагі яе дадаткова прызначаюць. Яна зніжае рызыку развіцця паталогій пры фармаванні плоду. Няма нічога дрэннага ў тым, каб улетку ўжываць шмат ягад. Гэта, калі можна так выказацца, прыродныя БАДы, што для нас вельмі карысныя.

У некаторых даследаваннях пішуць, што клубніцы прадухіляюць развіццё катаракты, прагрэсуючай слепаты. Яе, дарэчы, можна есці дыябетыкам, бо яна не спрыяе рэзкаму павышэнню ўзроўню цукру ў крыві і ўваходзіць у дыетычнае меню.

Колькі клубніцаў можна есці ў дзень і ці не нашкодзіць яна постаці?

Каларыйнасць ягады нізкая — усяго толькі 32 ккал на 100 г прадукту. Гэта менш, чым у маліны (53 ккал), чарэшні (52 ккал), чарніц (35 ккал).

Клубніцы можна есці спакойна, але меру таксама трэба ведаць.

— Цяжка сказаць, ці можна пераесці клубніц. Але наўрад ці хто за дзень можа яе спажываць кілаграмавымі дозамі, — разважае Юлія. — Мне нават здаецца, што і паўкілаграма гэтай ягады змясціць у сабе досыць цяжка.

Ці варта ўключаць клубніцы ў склад розных дыет?

— Я не люблю слова «дыета». Ёсць паняцце «рацыянальнае харчаванне». І клубніцы пры адсутнасці супрацьпаказанняў у яго выдатна ўпісваецца, — кажа нутрыцыёлаг Алена Вячорка. — Гэта добры прадукт, што паляпшае абмен рэчываў і падтрымлівае здароўе скуры. Ягада нізкакаларыйная, багатая на антыаксіданты, таму яе трэба абавязкова есці. 200—300 грамаў пасля ежы — гэтага будзе цалкам дастаткова.

З чым лепш есці клубніцы і ці варта дадаваць вяршкі або цукар?

Адна з самых эстэтычна прывабных традыцый — міксаваць клубніцы з вяршкамі. У такім выглядзе клубніцы пачалі падаваць да каралеўскага стала ў Англіі яшчэ ў XVI стагоддзі, а на тэнісным турніры «Уімблдон» у Лондане штогод з’ядаюць па 30 тон ягады. Але, дадаючы да ягады смятану або вяршкі, мы атрымліваем вельмі каларыйны прадукт. І калі вы імкнецеся да пахудзення, то з такім ласункам трэба быць асцярожней.

— Сама па сабе клубніца каларыйнай не з’яўляецца. Але калі ў яе дадаць досыць тлустыя смятану і вяршкі, то каларыйнасць значна павысіцца, і з такой стравай лепш за ўсё не перабольшваць, — тлумачыць Юлія Айзенман. — Акрамя таго, многія дадаюць у клубніцы цукар, што таксама павялічвае каларыйнасць прадукту. Ну і тут ужо трэба глядзець на вашы мэты і задачы. Калі чалавек хоча схуднець, то, на мой погляд, дадаваць дадатковы цукар да ягады не варта.

Яшчэ адзін любімы прадукт — клубнічны кампот. Гэта, безумоўна, смачны напой, але трэба разумець, што вітамін С разбураецца пры ўздзеянні тэмпературы, і калі хочаце атрымліваць максімальную карысць ад клубніцы, то лепш яе есці ў свежым выглядзе. Або адразу пасля размарожвання — у такім выглядзе карысныя ўласцівасці захоўваюцца.

Ці ёсць карысць ад клубніц, калі іх дадаць у дэсерты і напоі?

Шматлікія сталічныя кафэ прапануюць пірожныя і іншыя каларыйныя ласункі, у склад якіх уваходзяць клубніцы. Як лічыць Алена Вячорка, карысці ад клубніц у такіх спалучэннях няма.

— Я ніколі не дэманізую прадукты. Шмат што залежыць ад таго, у якой колькасці і ў які час дэсерты ўжываюцца. Але калі мы возьмем тлусты торт з тлустым крэмам і пакладзем туды пару клубнічын, то толку і карысці ад такога дэсерту дакладна не будзе. Дадаваць клубніцы ў алкагольныя кактэйлі? У гэтым таксама няма ніякай карысці. Будзе толькі смак. Але калі гатуем хатні ліманад і дадаём у мінеральную ваду ягаду, якая аддае свой смак і водар, то ў гэтым выпадку ўласцівасці захоўваюцца. Або калі ямо яе разам з тварагом.

Што тычыцца клубніц з цукрам, яна адназначна не карысная і прыводзіць да яшчэ больш сур’ёзнага скачка ўзроўню цукру ў крыві. Лепш за ўсё яе есці без цукру або ў спалучэнні з тварагом.

Праўда, што колер і смак залежаць ад велічыні ягады?

— Так сапраўды можа быць, але смак клубніц у асноўным залежыць ад яе гатунку, месца, дзе яе вырошчваюць, і сонца, — кажа Алена. — Нярэдка здараецца, што дробныя ягады могуць быць больш духмянымі і салодкімі, паколькі сабраныя ў мясцовасці, дзе яны лепш саспелі. Колер ягад таксама залежыць ад гатунку. У некаторых колер светла-ружовы, у іншых — ярка-чырвоны. Памер, вядома, можа лічыцца адным з фактараў пры куплі, але лепш за ўсё арыентавацца на гатунак, свежасць ягад і свае смакавыя перавагі.

Якія клубніцы лепш купляць: нашы ці імпартныя?

Алена перакананая: пры выбары ягад, садавіны і гародніны перавагу варта аддаваць лакальным:

— Яны выраслі ў сезон, не патрабуюць доўгай транспарціроўкі і, натуральна, захоўваюць больш вітамінаў, іншых элементаў, чым імпартныя садавіна. Але клубніцы можна купіць і па-за сезонам — гэта, бадай, адзіная перавага прывазной ягады.

Ці можа быць алергія на клубніцы і каму варта быць асцярожным?

Людзей з алергіяй на клубніцы нямала, асабліва сярод дзяцей. Таму, пачынаючы знаёміць малых з гэтай ягадай, рабіце гэта асцярожна, раіць Юлія Айзенман.

Як ачысціць клубніцы ад пестыцыдаў

Як і любыя садавіна, гародніна і ягады, клубніцы перад ежай трэба старанна прамыць. Ягада расце блізка да зямлі, і на яе могуць трапляць бруд, пестыцыды і хімікаты, якімі апрацоўваюць расліны ад шкоднікаў, а таксама бактэрыі і грыбкі.

Некалькі простых правілаў дапамогуць пазбегнуць патэнцыйных непрыемнасцяў:

Пры неабходнасці для дадатковай ачысткі клубніцы ад пестыцыдаў медыкі рэкамендуюць наступны парадак дзеянняў:

Як высушыць і як захоўваць клубніцы

Выкладзіце клубніцы на чысты кухонны ручнік або папяровыя сурвэткі і дайце ёй абсохнуць. Пераварочвайце ягады, каб яны высахлі з усіх бакоў. Пераканайцеся, што клубніцы цалкам высахлі перад захоўваннем у халадзільніку, каб прадухіліць з’яўленне цвілі.

Сухія клубніцы можна захоўваць у халадзільніку некалькі дзён. Лепш за ўсё размяшчаць ягады адным слоем на папяровым ручніку ў кантэйнеры з накрыўкай. Прамытыя ягады не рэкамендуецца захоўваць занадта доўга, бо яны хутка губляюць свежасць і водар.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула