БЕЛ Ł РУС

У ЗША падчас тушэння ляснога пажару снайпер застрэліў двух пажарных

30.06.2025 / 6:59

Nashaniva.com

На гары Канфілд паблізу горада Кер-д’Ален у штаце Айдаха падчас ліквідацыі ляснога пажару былі застрэлены двое пажарных. Пазней спецпадраздзяленне паліцыі знайшло на месцы цела мужчыны з агнястрэльнай зброяй, піша Reuters.com

Ілюстрацыйнае фота: Etienne Laurent / AP

Інцыдэнт адбыўся ўдзень паблізу горада Кер-д’Ален, дзе пажарныя змагаліся з агнём на гары Канфілд — папулярным месцы для пешых прагулак.

Паводле слоў шэрыфа акругі Кутэнай Боба Норыса, ратавальнікі і паліцыянты трапілі пад абстрэл снайпера, які выкарыстоўваў магутныя спартыўныя вінтоўкі, «каб хутка страляць па ратавальніках». Нападнік знаходзіўся ў густых кустах, быў добра падрыхтаваны і ўмеў майстэрска маскіравацца.

Пазней спецпадраздзяленне SWAT выявіла цела мужчыны з пісталетам побач. Праваахоўнікі не выключаюць, што пажар маглі ўстроіць наўмысна, каб завабіць ратавальнікаў у пастку.

«На пачатку стральбы пажарныя прасілі пра дапамогу пасля таго, як двое з іх атрымалі агнястрэльныя раненні. Адзін з пажарных паведаміў, што яны хаваюцца за пажарнай машынай. Быў чутны голас, які казаў, што, на іх думку, пажар быў выкліканы наўмысна», — гаворыцца ў паведамленні. 

Паводле Норыса, афіцэры, што прыбылі на месца, паведамілі, што стрэлы чуліся з розных напрамкаў, што можа сведчыць пра ўдзел некалькіх чалавек. На дадзены момант лясны пажар яшчэ працягваецца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула