«Анапа памірае, пусцее горш, чым зімой. У горадзе жудаснае беспрацоўе»
Уладальнікі малога бізнесу з Анапы скардзяцца на страты праз адсутнасць турыстаў пасля разліву мазуту. Па іх словах, улады ігнаруюць праблему, піша «Осторожно, новости».
Скрыны відэа з Анапы
Як распавяла выданню Анастасія, уладальніца брэнда касметыкі, сёлета падчас турыстычнага сезона Анапа пустуе. Мясцовыя кірмашы на цэнтральных вуліцах горада зачыненыя, гатэлі і рэстараны напаўпустыя.
«Я выступала ў мэрыі з прапановамі як можна было б падтрымаць бізнес, і ўсе яны рэальныя, адэкватныя. Але яны праігнараваныя. Ездзіла на форум у Краснадар да губернатара, таксама не далі агучыць праблему Анапы. Мы сталі як ізгоі, пра нас як быццам мэтанакіравана маўчаць. І нам не даюць казаць», — распавяла Анастасія.
Са слоў жанчыны, у горадзе жудаснае беспрацоўе, многія бізнесы банкрутуюць, сем'і кідаюць дамы і з'язджаюць.
Разліў мазуту адбыўся 15 снежня 2024 года. Падчас шторму ў Керчанскім праліве пацярпелі крушэнне два танкеры: «Волгонефть-212» і «Волгонефть-239». У выніку аварыі ў Чорнае мора вылілася каля 3,7 тысячы тон мазуту. Ужо 17 снежня забруджанне дасягнула пляжаў Анапы, што прывяло да ўвядзення рэжыму надзвычайнай сітуацыі ў рэгіёне.
Хаця ўлады і заяўлялі пра «лакальны інцыдэнт», наступствы аказаліся значна больш сур’ёзнымі. Паток турыстаў у рэгіён рэзка скараціўся.