БЕЛ Ł РУС

Генерал Белаконеў не змог знайсці беларускую раскладку і сваіх слоў для віншавання выпускнікоў

29.06.2025 / 13:29

Nashaniva.com

Экс-начальнік Генштаба і былы дэпутат Алег Белаконеў наведаў выпуск лейтэнантаў вайсковага факультэта ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы і адрэагаваў на гэта пастом у Instagram. Генерал-маёр пісаў яго на беларускай мове, але рускай раскладкай, чым выклікаў здзіўленне аднаго са сваіх падпісчыкаў — «інтэлект-трэнераў», заўважыла «Люстэрка».

На выпуску лейтэнантаў вайсковага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы — Алег Белаконеў першы злева, 28 чэрвеня 2025 года. Фота: grodnonews.by

Выпуск лейтэнантаў вайсковага факультэта ГрДУ адбыўся 28 чэрвеня — пагоны і дыпломы атрымалі 25 курсантаў. Прычым якраз у гэтым годзе факультэта споўнілася 20 гадоў. Традыцыйна на ім рыхтуюць тылавікоў. Сёлетнія выпускнікі размеркаваны «ў розныя месцы нашай неабсяжнай краіны», паведамляў начальнік факультэта Генадзь Песляк.

Белаконеў жа адзначыўся пастом у Instagram на дзіўнай беларускай мове — былы топ-вайсковец, здаецца, не змог знайсці раскладку і замест «ў» выкарыстаў «й».

Прычым тэкст пад пастом экс-главы Генштаба — гэта дрэнна скапіяванае віншаванне рэктаркі ГрДУ Ірыны Кітурка.

Пасты Белаконева і Кітуркі 28 чэрвеня 2025 года. Фота-колаж «Люстэрка»

Белаконеў — ураджэнец расійскага Прыморскага краю, ён камандаваў беларускімі Сіламі спецыяльных аперацый, пяць гадоў узначальваў Генштаб, а потым быў дэпутатам парламента. Быў заўважаны ў тым, што рэгулярна ездзіць у Маскву, удзельнічаў у пасяджэннях Парламенцкага Сходу Саюзнай дзяржавы і мерапрыемствах «Дома Масквы» ў Мінску.

У 2021 годзе заяўляў, што тых, хто супраціўляецца беларускім сілавікам, трэба «мачыць у сарціры ўсіх, за аднаго 20, 100». Гэта адбылося падчас цырымоніі развітання з супрацоўнікам КДБ Дзмітрыем Федасюком, які загінуў у перастрэлцы з мінскім айцішнікам Андрэем Зельцэрам. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула