Колькі можна зарабіць на грыбах за дзень? Беларус правёў эксперымент і застаўся задаволены
Аляксандр Гарбацэвіч захапляецца ціхім паляваннем і будуе на грыбах бізнэс. На сваім прыкладзе ён паказаў, колькі можна зарабіць за дзень на грыбах, калі моцна пастарацца.
Аляксандр Гарбацэвіч. Скрыншот з тыктока @skyforest.ai
У чарговы выходны ён з самага ранку назбіраў некалькі кошыкаў чырвонагаловікаў і лісічак — на продаж адабраў сярэдні і маленькі памеры і са свежай здабычай адразу адправіўся на фермерскі рынак Валяр’янава, які месціцца пад Мінскам.
Як пайшлі справы на рынку?
«Лісічкі купілі за хвілін 30, прадаваў па 40 рублёў за кілаграм. Чырвонагаловікі прадаваў за 60 рублёў. Прадалі практычна ўсе грыбы».
Мужчына адзначыў, што пры гэтым моцна стаміўся.
«Ці вартае яно было таго? Атрымалася зарабіць 220 даляраў, расходы былі даляраў 70. Па выніку мы маем 150 даляраў. Шмат гэта ці не — кожны вырашае для сябе. Мне агулам спадабалася», — падсумаваў Аляксандр.
Дарэчы, у відэа грыбнік распавёў, што, згодна з даследаваннямі, грыбы неабавязкова зразаць, можна і выкручваць з зямлі — гэта не ўплывае на ўраджайнасць.