РФ захапіла другое з чатырох радовішчаў літыю ва Украіне
Расійскія войскі захапілі пасёлак Шаўчэнка на захадзе Данецкай вобласці, паблізу якога разведаны запасы літыю. Гэта другое з чатырох буйных літыевых радовішчаў Украіны, што перайшлі пад кантроль Расіі, піша DW.
Кавалак літыевай руды. Фота: Robert Michael / picture alliance via Getty Images
Пра захоп невялікага пасёлка Шаўчэнка паведаміла Міністэрства абароны РФ, і гэтую інфармацыю пацвердзілі аналітыкі ўкраінскага праекта DeepState. Некалькі расійскіх і заходніх СМІ паведамілі, што ў выніку гэтага Украіна страціла важнае радовішча літыю.
Ажыятаж у СМІ Германіі, ЗША, Францыі
«Расія заваёўвае «белае золата»: радовішча літыю ва Украіне ўзята пад кантроль» — пад такім загалоўкам 27 чэрвеня выйшаў матэрыял у нямецкай газеце Berliner Zeitung. Захопленае радовішча там назвалі «адным з найважнейшых у Еўропе», а яго страта — «стратэгічнай паразай».
Карэспандэнт The New York Times з Кіева адзначыў, што Украіну «пазбавілі важнейшага актыву, які мог бы дапамагчы падтрымаць новае эканамічнае партнёрства з ЗША». Ён падкрэсліў, што
Шаўчэнкаўскае радовішча — першае, захопленае пасля падпісання пагаднення аб нетрах паміж Кіевам і Вашынгтонам. Яно вылучалася высокай якасцю руды.
Французская Le Figaro таксама назвала радовішча «адным з найбольш перспектыўных ва Украіне». Паводле яе звестак, толькі гэтае радовішча ўтрымлівае высокамінералізаваны спадумен, з якога прасцей здабываць літый.
Наколькі важнае Шаўчэнкаўскае радовішча?
Паводле Дзяржаўнай службы геалогіі і нетраў Украіны, радовішча было адкрыта ў 1982 годзе. Здабыча там ніколі не вялася. У 2020 годзе ўкраінскія спецыялісты ацанілі запасы ў крыху больш за 2 млн тон. Аднак расійскія СМІ спасылаюцца на дадзеныя Раскангрэса (люты 2025 г.) — 13,8 млн тон руды.
Усяго ва Украіне разведаны чатыры буйныя радовішчы літыю. Адно з іх — Крутая Балка ў Запарожскай вобласці — таксама пад акупацыяй з 2022 года.
Два іншыя, Полахаўскае і ўчастак Добрая, знаходзяцца ў Кіраваградскай вобласці. Апошняе лічыцца найбольш перспектыўным. Здабыча нідзе не вядзецца.