БЕЛ Ł РУС

Памочніка дырэктара прадпрыемства злавілі з 200 рублямі хабару. Ён паедзе ў калонію і заплаціць шалёны штраф

29.06.2025 / 7:37

Nashaniva.com

Узяў 200 рублёў — а павінен заплаціць 12600 рублёў.

У судзе Маскоўскага раёна Мінска вынеслі прысуд 39-гадоваму жыхару Вілейскага раёна, паведамляюць «Мінск-Навіны».

Ён працаваў у сталіцы на 2-м Прылуцкім прадпрыемстве, быў памочнікам дырэктара. Што за прадпрыемства, угадаць складана, але нешта звязанае з рамонтам спецтэхнікі.

Мужчына атрымаў 200 рублёў хабару ад дырэктара прыватнай кампаніі. За гэта ён павінен быць выбраць хабарадаўцу ў якасці выканаўцы дарагога рамонту колавога рэдуктара.

Калі пра гэта стала вядома, у дачыненні да памочніка дырэктара распачалі крымінальную справу. Віну ён цалкам прызнаў, у зробленым раскаяўся.

Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманні хабару. Жыхару Вілейскага раёна прысудзілі 3 гады калоніі, 12600 рублёў штрафу і забарону займаць арганізацыйна-распарадчыя пасады яшчэ на 5 гадоў.

Адзін год зняволення з'ела амністыя, але на два гады яго ўсё ж адпраўляюць у калонію.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула