БЕЛ Ł РУС

Пазняк: Трамп шчыра не разумее, што за бледная моль шалясціць перад ім

28.06.2025 / 22:42

Nashaniva.com

Ветэран беларускага руху Зянон Пазняк у вялікім пасце на геапалітычную тэматыку крануўся пытання, чаму прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, якога ён называе геніяльным, займае такую згодніцкую пазіцыю адносна Расіі, у той час як у іншых рэгіёнах свету дзейнічае больш рашуча.

Зянон Пазняк

У хуткім прынамсі часовым вырашэнні Трампам пытанняў канфліктаў паміж Індыяй і Пакістанам, а таксама Дэмакратычнай Рэспублікай Конга і Руандай Зянон Пазняк бачыць пэўнае пацвярджэнне слушнасці «вобразнай фразы, сказанай некалі Трампам, што вайну паміж Расеяй і Украінай ён спыніць за адны суткі». І далей пераходзіць да абмеркавання ўласна расійскага пытання:

«Адносна Расеі, аднак, вобразна лепш не выказвацца. На Захадзе, праўда, таго не разумеюць. А менавіта не разумеюць, што «умом Расею не понять». І гэта праўда. Расею можна «паняць» толькі біццём. І чым мацней — тым лепей.

Украінцы гэтую азбуку ведаюць. Заходнікам яна, на жаль, інтэлектуальна недасяжная. І ніякая гісторыя з масавай разнёй і групавым згвалтаваннем двух мільёнаў жанчын іх нічому не навучыць. Будуць пісаць неразумныя кніжкі пра «канец гісторыі» і будаваць «дэмакратыю» ў Расеі (якая ёй, гэтая дэмакратыя, арганічна не патрэбная).

Вось на гэтым ментальным канёчку спатыкнуўся і геніяльны Трамп.

Безумоўна, у плане тактычнай дыпламатыі Трамп лепш выглядае, чым Пуцін. Прэзідэнт Амерыкі, здаецца, выкарыстаў ужо ўвесь свой цярплівы дыпламатычны арсенал — і рацыё, і пахвальбу, і выгадныя прапановы, і хваленне расейскай гісторыі, і намёкі пра адказнасць, і пагрозы другасных санкцыяў, і абвалу эканомікі; словам, «і моркву, і пугу», і нават абяцанні пакінуць пад расейскай акупацыяй Крым і Данбас, зняць санкцыі, даць інвестыцыі Расеі і інш.

Фантастычна! Некаторыя аматары палітыкі ўпалі ў прастрацыю. Але ў выніку… пшык! Геній рускага драньства паставіў у тупік генія амерыканскай «здзелкі». У мяне складваецца ўражанне, што прэзідэнт Трамп шчыра не разумее, што за бледная моль шалясціць перад ім. Гэта называецца ментальная пастка, у якую трапляюць заходнікі перад «великим русским человеком», а скарочана — перад крымінальнікам «на пантах».

Рацыянальная дыпламатыя Трампа наглядна паказала ўсім, што Пуцін не хоча міру, што ён хоча вайны і знішчыць Украіну (што ён увесь час і робіць без адрыву ад трампаўскай «дыпламатыі»).

Зацяжная дыпламатыя Трампа высвечвае, але не вырашае праблему. А праблема паказвае, што яна можа быць вырашана толькі радыкальным (сілавым) шляхам, што ацаленне Украіны рэальна залежыць ад Амерыкі і ад дзеянняў прэзідэнта Трампа.

Тым часам Расейска-Украінская вайна — гэта трэцяя (ці нават чацвёртая) праблема для Трампа і для міжнароднай палітыкі ЗША. Амерыка не хоча завязнуць у гэтай вайне і аплочваць яе кошты. Але калі б Амерыка ўсё кінула і выйшла б з праблемы, тады дзяржава Украіна стала б перад пагрозай страціць сваё існаванне. Так было ў В'етнаме. Амерыка выйшла — В'етнам стаў камуністычным. Так было ў Афганістане. Амерыка выйшла — Афганістан апанавалі талібы. Украінскае кіраўніцтва тое разумее. Але грамадства, здаецца, яшчэ не (асабліва тыя, што паносяць Трампа і ЗША)».

Чытайце таксама:

Што Пазняк дазваляе Трампу і не дазваляе Ціханоўскай

«Спачатку трэба зрабіць разлічэнне з «русским миром». Пазняк выступіў рэзка супраць акцыі Ціханоўскіх у Варшаве

Пазняк прыгадаў пра Ціханоўскага як «чалавека Масквы на спецзаданні ў Беларусі», але дапусціў ягонае выпраўленне

Пазняк: І рэжым Лукашэнкі, і псеўдаапазіцыя — гэта адно і тое ж

Пазняк: Трамп ліквідаваў усю гэтую шпану, якая гаворыць пра 160 палоў

Каментары да артыкула