БЕЛ Ł РУС

Камандзір чачэнскага спецназу назваў журналістаў «петухамі» і паказаў, што носіць гадзіннік за 250 тысяч еўра

28.06.2025 / 19:45

Nashaniva.com

Камандзір чачэнскага добраахвотніцкага падраздзялення «Ахмат» і адначасова намеснік кіраўніка галоўнага вайскова-палітычнага ўпраўлення Узброеных сіл Расіі Апці Алаўдзінаў паведаміў пра затрыманне чачэнца, які раней напаў на супрацоўніка расійскай вайсковай паліцыі ў Белгарадскай вобласці. Але адначасова не ўтрымаўся ад рэзкіх слоў на адрас суразмоўцаў і паказаў, што валодае вельмі статуснай рэччу.

Днямі ў сеціве з'явілася відэа, дзе чачэнскія байцы, якіх спыніла вайсковая паліцыя за парушэнне правіл дарожнага руху, ублыталіся ў бойку з паліцэйскімі. Адзін з тых, хто напаў, раней працаваў начальнікам аховы ў сваяка Рамзана Кадырава.

Тлумачачы сітуацыю, Алаўдзінаў заявіў, што чачэнец, які напаў на вайсковую паліцыю, не мае дачынення да яго падраздзялення.

Ён заклікаў не звязваць здарэнне з нацыянальнасцю затрыманага і рэзка выказаўся ў бок тых, хто патрабуе тлумачэнняў: «Вы ўсе — петухі».

Паводле яго слоў, недарэчна чакаць каментароў па гэтым інцыдэнце ад яго, як быццам ён генеральны пракурор ці старшыня Следчага камітэта, і некарэктна звальваць усе злачынствы на тую ці іншую нацыянальнасць.

У той жа час выданне Astra заўважыла, што на відэа, дзе Алаудзінаў выступае з заявай, на яго руцэ з’явіўся дарагі швейцарскі гадзіннік Badollet, цана якога можа дасягаць ад 165 да 272 тысяч еўра. На адным кадры гадзіннік быў «заблюраны», але на іншым — добра бачны.

Чытайце таксама:

«Абражаў рэлігію і Бога». Чачэнцы заявілі, што блогера ў Маскве не выкралі, а «прафесійна затрымалі» сілавікі

У Маскве сярод белага дня на вачах паліцыі кадыраўцы выкралі чалавека. Дзе ён цяпер, ніхто не ведае

17-гадовы сын Рамзана Кадырава жэніцца

Каментары да артыкула