БЕЛ Ł РУС

Дэмакратычная Рэспубліка Конга і Руанда падпісалі ў кабінеце Трампа мірнае пагадненне

28.06.2025 / 16:33

Nashaniva.com

Дэмакратычная Рэспубліка Конга і Руанда падпісалі мірнае пагадненне пры пасярэдніцтве ЗША, якое мае пакласці канец 30-гадоваму канфлікту на ўсходзе ДРК. Цырымонія падпісання адбылася 27 чэрвеня 2025 года ў Белым доме ў прысутнасці прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які перадаў падпісаны дакумент міністру замежных спраў ДРК. На падзеі таксама прысутнічаў кіраўнік МЗС Руанды, піша Euronews.

Падчас падпісання дакументаў у Белым доме. Злева направа: міністр замежных спраў Руанды Аліўе Ндухунгірэхэ, віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа. Фота: AP Photo/Manuel Balce Ceneta

Дональд Трамп назваў пагадненне «новым раздзелам надзеі і міру» і нагадаў, што раней ён садзейнічаў перамір’ю паміж Індыяй і Пакістанам, Ізраілем і Іранам. Па яго словах, цяпер «гвалту і разбурэнням канец, пачынаецца перыяд гармоніі і развіцця».

Пагадненне базуецца на прынцыпах, узгодненых у красавіку гэтага года, і ўключае абавязацельствы аб паважанні тэрытарыяльнай цэласнасці, спыненні баявых дзеянняў і адмове ад падтрымкі ўзброеных груповак, уключаючы «Дэмакратычныя сілы вызвалення Руанды».

Дзяржаўны акратар ЗША Марка Рубіа падкрэсліў, што хоць гэта важны крок, яшчэ шмат трэба зрабіць. Міністарка замежных спраў ДРК Тэрэза Кайіквамба Вагнер адзначыла, што ключавую ролю ў перамовах адыграў Катар і што без вырашэння праблем бяспекі, правоў людзей і вяртання дзяржаўнага кантролю немагчыма гаварыць пра эканамічнае развіццё.

Міністр замежных спраў Руанды Аліўе Ндухунгірэхэ падзякаваў Трампу за лідарства і папрасіў ЗША сачыць за выкананнем дамоўленасцяў. Ён адзначыў, што гэта пагадненне — шанец для сумеснай працы дзвюх краін, бо рэгіён багаты на карысныя выкапні і мае патэнцыял для трансгранічнай гандлёвай супрацы.

Эксперты адзначаюць, што дамоўленасць адкрывае шлях для інвестыцый ва ўсходнія рэгіёны Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, багатыя на прыродныя рэсурсы. Але некаторыя з паўстанцкіх груповак ужо заявілі, што не лічаць сябе абавязанымі выконваць пагадненне. Трамп папярэдзіў, што ў выпадку яго парушэння будуць «жорсткія санкцыі».

Чытайце таксама:

Трамп: Я арганізаваў мірную дамову паміж Конга і Руандай. Але Нобеля мне за гэта не дадуць

У Іране заявілі, што Трамп павінен змяніць тон, калі хоча дамовы

Трамп абвясціў, што спыняе гандлёвыя перамовы з Канадай

Вярхоўны суд ЗША падтрымаў Трампа ў справе грамадзянства для іншаземцаў

Каментары да артыкула