Чалы: Лукашэнка гатовы пераступіць цераз асабістую нянавісць дзеля шанцу раскалоць эміграцыю
«Вызваленне Ціханоўскага стала вынікам паспяхова праведзенай аперацыі супраць Лукашэнкі. І ў ёй удзельнічалі дзясяткі экспертаў, палітыкаў, актывістаў і проста неабыякавых людзей».
Сяргей Чалы. Скрыншот відэа: @Belarus_Files / YouTube
Аналітык Сяргей Чалы перакананы, што спецпасланнік Трампа Кіт Келаг прылятаў у Мінск у пошуках таго, хто дапаможа вырашыць пытанне з Расіяй. Заявы Келага ў твітары пасля візіту і словы прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова пацвярджаюць гэта, кажа Чалы ў сваёй праграме. Ён згадвае, што яшчэ ў 2022-м Лукашэнка стаў прадаваць сябе як чалавека, які мае ўплыў на Пуціна.
«Ну і далей у маім уяўленні ўсё выглядае прыкладна так. Чаму б дзеля гэтага ЗША і не пагаварыць з Лукашэнкам? І ўжо менавіта беларускі бок настаяў на асабістым удзеле ў дэлегацыі Келага. (…)
А ўжо вызваленне 14 закладнікаў было ўмовай амерыканскага боку. І вось пра тое, што прысутнасць Келага сама па сабе была прызам для Лукашэнкі, сведчылі ўсе яго паводзіны. Ён жа літаральна свяціўся, як самавар, віляў хвастом і скакаў на крэслы. Мяркуючы па ўсім, нічога іншага Лукашэнку і не было прапанавана».
Але чаму Лукашэнка адпусціў Сяргея Ціханоўскага, якога ўспрымае як асабістага ворага?
«На маю асабістую думку, гэта стала вынікам старанна спланаванай, паспяхова праведзенай інфармацыйна-псіхалагічнай аперацыі, аперацыі супраць Лукашэнкі. І ў ёй удзельнічалі дзясяткі экспертаў, палітыкаў, актывістаў і проста неабыякавых людзей, якія ўсе казалі, што Ціханоўскі на волі разваліць усю беларускую іміграцыю. І аперацыя аказалася настолькі паспяховай, што менавіта гэтай логікай сілавікі кіраваліся, калі тлумачылі Лукашэнку, чаму яго неабходна выпусціць», — з іроніяй тлумачыць Чалы.
«Лукашэнка ніколі б на гэта не пайшоў, калі б яго ўласныя сілавікі не пераканалі яго ў тым, што гэта іх спецыяльная аперацыя, доўгатэрміновыя вынікі ад якой перавышаюць персанальныя выдаткі Лукашэнкі. І стала магчымая гэтая аперацыя супраць карных органаў і Лукашэнкі ў прыватнасці ў першую чаргу таму, што яна ідэальна клалася на іх светапогляд, я б нават сказаў, іх антрапалогію, уяўленне аб тым, што чалавек — гаўно, слабы, карыслівы і прадажны».
Чалы робіць яшчэ адну выснову: тое, што адбываецца ў эміграцыі, для Лукашэнкі настолькі важна, што ён гатовы пераступіць цераз асабістую нянавісць дзеля шанцу яе раскалоць.