«Замест кветак»: маладыя з Магілёва папрасілі ў гасцей на вяселле незвычайныя падарункі
Зусім нядаўна пара з Магілёва згуляла вяселле. Жаніха завуць Улад, а нявесту — Вольга. Яшчэ да дня Х будучыя маладыя звярнуліся да гасцей з незвычайнай просьбай: не дарыць на вяселле раскошныя букеты, а купіць замест іх дзіцячыя цацкі, піша Onliner.by.
Cваё рашэнне яны патлумачылі так: машынкі, лялькі, коцікі і зайчыкі стануць падарункамі для дзяцей, якія проста зараз праходзяць лячэнне ад анкалагічных захворванняў. Аказалася, гісторыя вельмі асабістая для нявесты: у раннім дзяцінстве яна сама змагалася з ракам.
Дыягназ «востры лімфабласны лейкоз» пацвердзіўся, калі Волі было ўсяго два гады. У працэсе двухгадовага лячэння ў Мінску і Магілёве была пройдзеная хіміятэрапія, таксама спатрэбілася пераліванне крыві.
— Далей мне трэба было праходзіць рэгулярныя абследаванні. Даводзілася часта ляжаць у бальніцах, там мяне добра ведаў увесь персанал. Я нават праводзіла іншых дзяцей на абследавання! Яшчэ з дзяцінства я спрабавала паглыбіцца ў свой стан, задавала пытанні дактарам, нават чытала выпіскі, якія трапляліся ў рукі, — усміхаецца дзяўчына.
Ужо 28 гадоў Вольга находзіцца ў стойкай рэмісіі. Але сувязь з медыцынай не абарвалася: дзяўчына працуе доктарам хуткай дапамогі. Яна ўпэўненая: на выбар прафесіі паўплывалі ўражанні ад перажытага ў дзяцінстве, зносіны з дактарамі і дні, праведзеныя ў бальніцах.
А цяпер пра гісторыю, якая расчуліла тысячы чалавек. Усё здарылася на вяселлі, якое адсвяткавалі зусім нядаўна ў родным горадзе пары.
— Яшчэ да знаёмства з мужам вырашыла: калі ў мяне будзе вяселле, то папрашу гасцей прынесці падарункі для дзяцей. Дарэчы, Улад аб гэтай ідэі не ведаў. Але ў нейкі момант ён прачытаў гісторыю пары, якая таксама папрасіла гасцей замяніць букеты на цацкі для дзяцей з дзіцячага дома. Ён напісаў мне пра гэта, і я падумала: як класна, што не змаўляючыся ў нас здарыўся мэтч! Нават яшчэ больш у яго закахалася, — усміхаецца дзяўчына.
Ідэяй замяніць кветкі на цацкі Улад і Вольга падзяліліся з вясельным каардынатарам. Дзяўчына прапанавала звярнуцца да валанцёраў дабрачыннай арганізацыі KinderVita. Каля чатырох гадоў яны дапамагаюць дзецям, якія знаходзяцца на лячэнні ў анкацэнтрах.
— Мы зразумелі, што для нас гэта будзе мець асаблівае значэнне, бо я таксама хварэла, — распавядае Воля. — Таму ў запрашэннях папрасілі гасцей замест кветак прынесці на вяселле цацкі. Пазней у асобным чаце я распісала, якія менавіта патрэбныя і для каго яны. Мы вельмі рады, што нашу ідэю падтрымалі, а многія госці нават прыносілі па некалькі штук!
Кранальным ролікам з урачыстасці Улада і Волі падзяліліся ў запісе KinderVita. У каментарах многія напісалі словы падтрымкі, пажадалі пары шчасця і падзякавалі за дапамогу дзецям. Дарэчы, дакладную колькасць падораных цацак маладыя не лічылі, але вядома: усе змясціліся ў тры велізарныя мяшкі. Падарункі пара ўжо перадала валанцёрам.