Беларус, які вярнуўся з працоўнага рабства ў Маскве, памёр
Нядаўна ў тыктоку разляцелася гісторыя 69-гадовага беларуса Аляксандра Катлярова, які быў у Расіі ў рабстве ў «працоўным доме». Яго сустрэлі ў Маскве валанцёры і набылі квіток да роднага Гомеля. Але пасля мужчына знік.
Як паведамляе пошукава-выратавальны атрад «Пульс», 4 чэрвеня Аляксандр ужо быў у Гомелі, а пасля знік. Цела знайшла гомельская міліцыя. Што здарылася, не паведамляецца.
Некалькі тыдняў таму валанцёр расійскага дабрачыннага фонду «Мамы свету» (гэты фонд існуе з 2016 года, першапачаткова дапамагаў бяздомным, але пасля пачатку вайны дапамагае і расійскім салдатам) расказаў у тыктоку пра бяздомнага гамельчука Аляксандра Катлярова, які звярнуўся па дапамогу.
69-гадовы Аляксандр расказаў, што прыехаў у Расію ёпрацаваць, але трапіў у рабства. Ён казаў пра «працоўны дом».
«Працоўнымі дамамі» ў Расіі праваабаронцы называюць нелегальныя ўстановы ці дамы, у якіх людзей утрымліваюць і прымушаюць працаваць бясплатна ці за ежу, пад пагрозай гвалту, ізаляцыі і даўгоў.
Людзей туды завабліваюць фразамі: «дапаможам з працай», «прытулім», «дамо дах і ежу». У іх забіраюць дакументы, тэлефоны, абмяжоўваюць свабоду. Прымушаюць працаваць на будоўлі, у сельскай гаспадарцы, збіраць металалом, жабраваць, прыбіраць і рабіць шмат чаго іншага.
Аляксандру плацілі ўсяго па 50 расійскіх рублёў за дзень працы (гэта менш за два беларускія рублі). Яму пашанцавала — бо на руках застаўся хаця б пашпарт.
Мужчына сцвярджаў, што ў Гомелі ў яго ёсць сваякі. У выніку расійскія валанцёры набылі Аляксандру новае адзенне і ежу ў дарогу, пасадзілі на цягнік у Беларусь.