БЕЛ Ł РУС

«Свой нос з Беластока яны не высоўваюць». Беларусы Падляшша скардзяцца, што беларусы новай хвалі эміграцыі не зацікаўленыя супольнымі справамі

26.06.2025 / 22:46

Nashaniva.com

З 2020 года сотні тысяч беларусаў не па сваёй волі апынуліся ў Польшчы. Ці нясе гэтая сітуацыя нейкі пазітыў і ці дае яна новыя шанцы этнічным беларусам у Польшчы і беларускай дыяспары? Юрка Каліна, прадстаўнік беларускай нацменшасці ў Польшчы, гаворыць Беларускай службе Польскага радыё, што тэарэтычна так павінна быць, але на практыцы атрымліваецца па-рознаму.

Супрасль на Падляшшы

Дыяспара, якая прыехала з Беларусі пасля 2020 года, не аднародная.

Суразмоўца не здзіўляецца, што толькі невялікая частка з тых людзей, які прыехалі ў Польшчу, зацікаўленая беларускай нацыянальнай ідэяй, дзейнасцю ў беларускім асяроддзі ці на карысць беларускай культуры або адукацыяй сваіх дзяцей на беларускай мове. Юрка Каліна адзначае, што шмат хто папросту займаецца выжываннем.

Юрка Каліна. Фота: фэйсбук, акаўнт Юркі Каліны

Найперш ім патрэбна жытло, праца, патрэбна запісаць дзяцей у школы і зарабляць на жыццё.

«Я чытаю многа выказванняў у сацсетках менавіта беларусаў з Беларусі. І, па-першае, я бачу, што 90% з іx пішуць па-расійску, яны не карыстаюцца беларускай мовы. Калі быць вельмі цынічным, то можна сказаць, што «чарка і скварка» тут галоўнае», — заўважыў суразмоўца.

Паводле яго меркавання, толькі 10-20% беларусаў, якія раней былі актыўнымі ў беларускім асяроддзі ў Беларусі, цяпер намагаюцца нешта рабіць дзеля беларускай справы ў Польшчы.

Юрка Каліна шкадуе, што няма імкнення рабіць гэта разам з беларусамі Падляшша.

«Такое здараецца, але найперш па ініцыятыве беларусаў Падляшша — такіх, як я, якія жывуць тут спакон вякоў, нашыя бацькі, дзяды, прадзеды тут жылі — на Падляшшы. Менавіта нашыя арганізацыі, як фонд «ТУТАКА», «Цэнтр беларускай культуры» ці фонд «Камунікат», працягваюць руку і прапануюць супольна ладзіць нейкія мерапрыемствы, ствараць праекты, разам шукаць для іх фінансаванне».

Каліна чакаў, што супольных спраў будзе намнога больш, што інтэграцыя беларусаў на тэрыторыі Польшчы будзе больш цеснай і шматвектарнай. Тое, што спадзяванні не збываюцца, выклікана часткова становішчам этнічных беларусаў у Польшчы.

«Беларуская нацыянальная меншасць у Польшчы, яе актыўная частка, невялікая, слабая. Нас тут мала. Не спрыяе і малая падтрымка беларускіх арганізацый, напрыклад, фінансаванне з дзяржаўнага бюджэту тыднёвіка «Ніва» спынілася на такім жа ўзроўні, як было 10 гадоў таму».

Юрка Каліна таксама шкадуе, што беларусы, якія прыехалі ў Польшчу, не праяўляюць надта вялікай цікавасці да этнічных беларусаў, якія жывуць на гэтай зямлі спакон вякоў.

«Беларусы, якія прыехалі з Беларусі, не ведаюць і, магчыма, не хочуць ведаць, што тут на Падляшшы жывуць этнічныя беларусы, якія з'яўляюцца грамадзянамі Польшчы. У Беластоку ёсць беларусы з Беларусі, якія пішуць тэксты па-беларуску, яны актыўныя ў сацыяльных сетках, робяць перадачы для «Радыё Рацыя», але свой нос з Беластока яны не высоўваюць. Ім не цікава пабываць у Дубічах Царкоўных, у Нараўцы пабачыць музей Тамары Саланевіч ці наведаць «Беларускі музей» у Гайнаўцы».

Юрка Каліна працуе на телеканале «Белсат» i па яго ініцыятыве канал запусціў летнюю праграму «Падляшскія вакацыі». Ідэя гэтай праграмы ў тым, што пара вядоўцаў — адзін беларус з Падляшша, а другі з Беларусі — вандруюць па ўсходніх раёнах Польшчы. Падляшскі беларус паказвае беларусу з Беларусі ўсё, што звязанае з беларускай этнічнай супольнасцю ў Польшчы.

Чытайце таксама:

«Гэты фэст не толькі для кайфу». Арганізатары фестывалю Tutaka расказалі пра сёлетнія планы і перспектывы

У беларусаў Польшчы былі прычыны не галасаваць за Тшаскоўскага

Беларускі спеўны гурт прыехаў у вёску Дашы на Падляшшы. Мясцовая бабуля іх зачаравала

У Беларусі лічыў помнікі Леніну, у Польшчы — Пілсудскаму. Беларус выканаў на чужыне чэлендж, не завершаны на радзіме

Беларускі ліцэй у Гайнаўцы: як жыве і на што спадзяецца

«Рэжым, які баіцца музыкі — слабы». Аўтары песні Lusterka з польскага «Еўрабачання» — пра падляшскую мову, хэйт і «экстрэмісцкі» статус

Каментары да артыкула