БЕЛ Ł РУС

На адным са скрыжаванняў у Гомелі нанеслі падвойныя «зебры». Навошта гэта?

26.06.2025 / 17:51

Nashaniva.com

У Гомелі на скрыжаванні праспекта Перамогі і Прывакзальнай плошчы з’явілася новая дарожная разметка — падвойная «зебра» са стрэлкамі, якія паказваюць кірунак руху. Гэта пакуль адзіны такі пешаходны пераход у горадзе, і яго паставілі ў рамках эксперыменту.

Фота: t.me/gai_gomel

Паводле інфармацыі ДАІ, такое новаўвядзенне павінна павысіць бяспеку на дарогах. Калі вынік будзе станоўчым, падобную разметку плануюць рабіць і на іншых участках.

Такі тып разметкі выкарыстоўваецца на шырокіх пераходах (больш за 6 метраў). Пераход нібыта падзелены на дзве паласы для розных напрамкаў руху. Стрэлкі па баках паказваюць, па якой частцы трэба ісці, каб людзі не сутыкаліся — гэта значыць, каб усе трымаліся правага боку.

ДАІ лічыць, што гэта паменшыць колькасць канфліктаў паміж пешаходамі, якія могуць узнікаць пры хаатычным руху. Кіроўцам рэкамендуюць быць уважлівымі, бо пешаходы цяпер могуць ісці па розных частках пераходу. А самім пешаходам — прытрымлівацца стрэлак.

Пры гэтым у правілах дарожнага руху пакуль няма прамога апісання, як караць за ігнараванне стрэлак або пераход па сустрэчнай «зебры», таму ніякіх афіцыйных наступстваў не чакаецца — хіба што незадаволенасць іншых людзей.

У цэлым у ДАІ падкрэсліваюць, што гэта чарговы крок у зніжэнні аварыйнасці.

Чытайце таксама:

«Падрэзаць аўтобус — такі сабе варыянт». Наглядны прыклад, як нельга паварочваць

На МКАД можа з’явіцца чацвёртая паласа — для ціхаходнага транспарту і спецтэхнікі

У Мінску ўжо з'явілася новая сіняя разметка

«Яндэкс.Карты» навучыліся паказваць разметку на мінскіх дарогах

Каментары да артыкула