Анжаліка Борыс заклікала вызваліць Анджэя Пачобута
Кіраўніца незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс заклікае беларускія ўлады вызваліць асуджанага на восем гадоў журналіста, актывіста Анджэя Пачобута.
«Саюз палякаў на сёння налічвае каля 12 000 членаў. Мы вядзем цэнтры па вывучэнні польскай мовы на тэрыторыі Беларусі, клапоцімся пра месцы памяці. Мы ўдзячныя ўраду Беларусі за магчымасць выкладаць польскую мову.
Мы — палякі, грамадзяне Беларусі, і нам вельмі важныя добрыя адносіны і дыялог, у Беларусі пражывае больш за 300 000 палякаў, справа польскасці ў Беларусі заўсёды была для Саюза палякаў справай нашага жыцця. Анджэй Пачобут — наш калега і актывіст, член галоўнага праўлення СПБ, журналіст. Ён ніколі не быў «апазіцыянерам», і мы вельмі просім улады ў Мінску вызваліць яго!!!» — напісала Борыс у фэйсбуку.
Гродзенскага журналіста Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года, а ў лютым 2023 года прысудзілі да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта распальванне варожасці і заклікі да санкцый. Пачобут адбывае тэрмін у калоніі ў Наваполацку.