Каралева НАТА. Хто гэта загадкавая жанчына ў жоўтым, якая ўразіла ўсіх на саміце
«Лэдзі ў жоўтым», «каралева НАТА» — так ужо паспелі празваць у сацсетках яркую жанчыну, якая ў касцюме канарэйкавага адцення эфектна выдзялялася сярод лідараў краін — членаў абарончага альянсу ў Гаазе, піша Бі-бі-сі.
Фота: Haiyun Jiang-Pool/Getty Images
Гэта Максіма, каралева Нідэрландаў. І ў гэтым годзе, калі ўдзельнікі НАТА прыбылі на саміт у Гаазе, яна з’яўляецца гаспадыняй гэтага мерапрыемства.
Разам з мужам, каралём Вілемам-Аляксандрам, яна вітае гасцей, якія прыбылі на падзею.
Сярод іх і Дональд Трамп. Яшчэ некалькі гадзін таму прэзідэнт ЗША не стрымліваў лаянкі, апісваючы перамір'е паміж Ізраілем і Іранам, а падчас знаёмства з каралевай Максімай выглядае натхнёным, усмешлівым, верагодна захопленым яе шармам.
Фота: Misha Schoemakers, Pool Photo via AP
Нідэрландцы зусім не здзіўлены — іхняя каралева, якую ў краіне спачатку ўспрынялі халодна, ужо 12 гадоў не перастае прыемна іх здзіўляць. Яе любяць за жвавасць, сапраўднасць, уменне змякчаць вуглы.
Максіма: з Нью‑Ёрка — на трон
Маці траіх дзяцей, вядомая сваім пачуццём стылю, былая інвестыцыйная банкірка з Нью‑Ёрка.
Паспяховая банкірка аргенцінскага паходжання пазнаёмілася са сваім будучым мужам, тагачасным кронпрынцам Вілемам-Аляксандрам, на вечарыне ў Іспаніі ў 1999 годзе.
Яны хутка закахаліся, але калі прэса даведалася — пачаўся скандал.
Бацька Максімы, Хорхэ Сарэгіета, быў міністрам сельскай гаспадаркі падчас вайсковай дыктатуры Аргенціны ў часы сумна вядомай «Бруднай вайны». Тады там рэпрэсавалі тысячы людзей.
І хоць Максіма ў той час была дзіцём, гэтая сувязь выклікала шмат спрэчак у Нідэрландах.
Некаторы час нават ішла кампанія за арышт Сарэгіеты і яго прыцягненне да суда за злачынствы супраць гуманнасці, калі ён прыехаў бы ў Нідэрланды.
Але канец спрэчкам паклала былая каралева Беатрыкс, маці прынца. Яна ведала, як гэта — бо яе заручыны з былым членам Гітлераюгенду ў 1965 таксама ўспрымаліся неадназначна.
Каралева блаславіла шлюб старэйшага сына, апісаўшы Максіму як «разумную і сучасную жанчыну».
Але бацька Максімы на вяселлі ўсё ж такі не быў, яму не дазволілі прыязджаць да дачкі.
Не ўвайшоў ён і ў спіс гасцей на інаўгурацыі ў 2013 годзе. Хорхэ Сарэгіета глядзеў, як яго дачка становіцца каралевай, па тэлевізары.
Але пазней парламент дазволіў Сарэгіеце і яго жонцы наведаць хрост іх трох унучак.
«Мы любім яе, у ёй ёсць запал»
Звычайныя нідэрландцы палюбілі Максіму адразу пасля вяселля.
Яны былі ўражаныя тым, што яна адразу пасля пераезду пачала вывучаць галандскую мову і дасягнула ў гэтым поспехаў.
«Яна прыйшла і перамагла», — кажа галандскі гісторык Хенк тэ Вельдэ пра яе з’яўленне ў грамадскім жыцці Нідэрландаў.
Лацінаамерыканскія карані Максімы надаюць ёй прывабнасці, па словах гісторыка Хана ван Бры, які спецыялізуецца на галандскім каралеўскім родзе.
Patrick van Katwijk/Getty Images
«Яна экзатычная, у ёй ёсць запал, бляск і яркасць, і яна не спрабуе быць аддаленай, як Беатрыкс», — расказваў ён карэспандэнтцы BBC Ані Халіган у 2013 годзе.
«Мы любім яе за гэта, людзі могуць адчуць яе аўтэнтычнасць»
З дзяцінства Вілем-Аляксандр меў складаныя адносіны з прэсай.
«Ён не сказаў СМІ «ісці на…», як паведамлялася, калі яму было 11 гадоў, але гэта было нешта падобнае», — распавядаў Ван Бры.
Ён заўсёды быў сарамлівы на публіцы, стрыманы, кажуць аглядальнікі, але з Максімай выглядае больш расслабленым.
Сёння нідэрландцы любяць сваю каралеву, а аглядальнікі час ад часу называюць яе «самай цікавай каралеўскай асобай».
Каралева моды
Акрамя яе дасягненняў дома і ў сямейным жыцці, публіка з першага дня абмяркоўвае яе вопратку.
Каралева Максіма вядомая ў Нідэрландах і за іх межамі яркім стылем і ўменнем спалучаць элегантныя сукенкі і смелыя, аднаколерныя стылі.
Вяселле каралевы Максімы. Pascal Le Segretain/Getty Images
Ад канарэечна-жоўтага жаночага касцюма-тунікі падчас дзяржаўнага візіту ў Бруней да каскаднай сукенкі колеру шампанскага на адкрыцці парламента ў 2011 годзе.
У прэсе ёсць нават гайды пра тое, «як апранацца, як каралева Максіма». Гэта жанчына разумее, як выкарыстоўваць сілу першага ўражання.
Яе экстравагантная вясельная сукенка колеру слановай косці з шоўку мікада была ад Valentino.
А яе пазнейшыя ўборы на розных важных падзеях не раз прыцягвалі ўвагу прэсы, зноў і зноў трапляючы ў загалоўкі.
Вядомыя таксама яе строі з Украіны, напрыклад падчас візіту на Кубу ў 2023 годзе, дзе Максіма была апранута ў вышываную сукенку ад украінскага брэнда Foberini.
На саміце НАТА, дзе Максіма вылучылася сваім жоўтым касцюмам, звычайна аддаюць перавагу больш стрыманым колерам.
Хоць як такога дрэс-коду няма — на здымках з мінулых самітаў можна ўбачыць лідарак краін і ў срэбры, і ў асляпляльна-белым, і ў фуксіевых касцюмах.
Са з’яўленнем у палітыцы Урсулы фон дэр Ляен, якая любіць белыя ці ружовыя пінжакі, на здымках лідараў краін безумоўна павялічылася колькасць колераў.
І мужчыны-палітыкі, як відаць на фотаздымках, таксама аддаюць перавагу розным колерам гальштукаў на афіцыйных фота.
Але гэта, здаецца, першы раз, калі каралеўская асоба, прадстаўніца краіны — гаспадыні саміту, так паспяхова змагла перахапіць увагу, прыцягнуўшы да сябе позіркі не толькі сацсетак, але і сусветных лідараў.