Затрыманыя дзве групы «тайных пакупнікоў», якія кашмарылі крамы і АЗС
МУС і Следчы камітэт заявілі аб затрыманні дзвюх груп «тайных пакупнікоў», якія займаліся вымагальніцтвам.
«Пры сілавой падтрымцы байцоў «Алмаз», атрадаў спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў «Беркут» і «Рысь», а таксама АМАПа УУС Міншчыны былі затрыманы 11 падазраваных», — паведамляе прэс-служба МУС.
Спыненая дзейнасць дзвюх арганізаваных груп. Іх удзельнікі вымагалі грошы ў грамадзян і юрыдычных асоб, гандлёвых аб’ектаў і аўтазаправачных станцый у Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях. Групы паміж сабой не былі звязаныя.
37-гадовы і 42-гадовы мінчукі стварылі шэсць таварыстваў з абмежаванай адказнасцю, якія спецыялізаваліся на продажы навучальных семінараў.
42-гадовы жыхар Мінска, напрыклад, стварыў чатыры ТАА. У адным ён стаў дырэктарам, у іншых кіраўнічыя пасады занялі «свае людзі» — сваякі і сябры фігуранта. Статуты ўсіх юрыдычных асоб, як піша СК, былі складзены «як пад капірку». У якасці асноўнага віду дзейнасці значылася арганізацыя і правядзенне тэматычных асветніцкіх мерапрыемстваў па пытаннях абароны правоў і законных інтарэсаў спажыўцоў на платнай аснове.
«Фігуранты пад выглядам пакупнікоў знаходзілі ў крамах парушэнні правілаў гандлю і пагражалі зрабіць адпаведную запіс у кнігу заўваг і прапаноў. Каб пазбегнуць гэтага, яны патрабавалі ад прадаўцоў набыць у іх навучальныя курсы», — паведамілі ў МУС.
СК больш падрабязна апісаў дзеянні падазраваных падчас «праверак».
«Прадстаўнікі ТАА прыходзілі ў краму, дзе шукалі пратэрмінаваную прадукцыю. Калі такая знаходзілася, яны разыгрывалі сапраўднае прадстаўленне. Пагражаючы запісам у Кнігу заўваг і прапаноў, паведамленнем у санстанцыю пра тавар неналежнай якасці, яны літаральна запалохвалі прадаўцоў і загадчыкаў.
«Кантралёры» часта паводзілі сябе груба, павышалі голас і пагражалі, а пасля адразу ж прапаноўвалі свой «варыянт» вырашэння праблемы. Бо, «выпадкова», арганізацыя, у якой працавалі гэтыя «змагары з пратэрміноўкай», аказвала платныя адукацыйныя паслугі. Заключэнне дамовы на правядзенне навучальнага семінара здымала ўсе пытанні і прэтэнзіі», — гаворыцца ў паведамленні СК.
У камітэце таксама адзначылі, што супрацоўнікі згаданых юрасоб не мелі ніякіх паўнамоцтваў на правядзенне праверак. Акрамя таго, 42-гадовы жыхар Мінска раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за спробу дачы хабару ў буйным памеры.
Шкода ацэньваецца ў 80 тысяч рублёў.
Праведзены вобшукі ў Гродне, Магілёве, Мінску і Мінскай вобласці. Канфіскаваныя розная валюта ў эквіваленце больш за 60 тысяч рублёў, ювелірныя вырабы, гаджэты і аргтэхніка, амаль два дзясяткі банкаўскіх карт, службовая дакументацыя юрыдычных асоб. Арыштаваныя аўтамабілі агульным коштам больш за 50 тысяч даляраў.