Сусед пераканаў 90-гадовую жанчыну не аддаваць грошы махлярам і адразу ж патэлефанаваў у міліцыю
Жанчыне на стацыянарны тэлефон патэлефанавалі невядомыя і, паведаміўшы пра неабходнасць працягнуць дамову на аказанне паслуг з «Белтэлекамам», выманілі пашпартныя даныя.
Неўзабаве праз месенджар з ёй звязаліся быццам бы ў міліцыі і, заяўляючы, што ад яе імя здзяйсняюцца незаконныя фінансавыя аперацыі, угаварылі перадаць кур’еру для праверкі і дэкларавання ўсе наяўныя зберажэнні, паведамляе «Міліцыя Мінска».
Пенсіянерка падрыхтавала больш за 26 000 рублёў, але пачала сумнявацца і звярнулася па параду да суседа, які пацвердзіў яе асцярогі і выклікаў міліцыю.
Прыбылыя аператыўнікі затрымалі кур’ера, які прыехаў па грошы. Ім аказаўся 21-гадовы студэнт. Раней малады чалавек сам стаў ахвярай ашуканцаў і пералічыў на іх рахунак больш за 25 000 рублёў.
Заведзена крымінальная справа.