У Гомелі запускаюць рачны трамвай
Старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што ў абласным цэнтры запусцілі рачны трамвай.
Прагулачны цеплаход будзе хадзіць з прычалу «Кіеўскі спуск» да цэнтральнага пляжа, дзе ўжо абсталяваны новы прычальны пантон.
Гэта значыць, што караблік праплыве пад закрытым пешаходным мостам. Адлегласць паміж прычаламі па прамой складае прыблізна 500 метраў. Час у дарозе — каля 10—15 хвілін.
Цеплаход будзе выконваць чатыры рэйсы на дзень: у 10:00, 14:00, 17:00 і 20:00.
Кошт праезду складае 2 рублі ў адзін бок. Для дзяцей да 7 гадоў, інвалідаў I і II груп, а таксама ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны праезд бясплатны.
Умяшчальнасць судна — да 60 пасажыраў. У салоне ўстаноўлены мяккія сядзенні, а на карме — новыя металічныя.