БЕЛ Ł РУС

Ваенга, Лазараў і Аверын. На чые выступленні на «Славянскім базары» ўжо раскупілі квіткі

25.06.2025 / 9:0

Nashaniva.com

У пачатку ліпеня ў Віцебску пачнецца штогадовы «Славянскі базар» — для дзяцей і для дарослых будуць выступаць тыктокеры, музыкі і артысты пераважна з Расіі і Беларусі. На канцэрты і спектаклі некаторых ужо распрадалі ўсе квіткі.

Сяргей Лазараў на «Славянскім базары» ў 2023 годзе. Фота: sb.by

Адкрыццё «Славянскага базару» адбудзецца ўвечары 10 ліпеня. Квіткі на яго прадавалі за 70-250 рублёў, але свабодных месцаў ужо не засталося.

Тое ж датычыцца і цырымоніі закрыцця — квіткоў па 55-185 рублёў больш няма.

Солд-аўты ўжо і на канцэртах расійскай шансон-спявачкі Алены Ваенгі і поп-музыкі Сяргея Лазарава, які выступіць разам з групай балету і з фанаграмай.

Не атрымаецца патрапіць і на монаспектакль расійскага артыста Максіма Аверына «Навучы мяне жыць». Абяцаюць, што там будзе «паўнавартаснае тэатральнае дзеянне» з музыкай, відэа і паэзіяй.

Не засталося квіткоў на спектаклі ад расійскіх тэатраў «Ізергіль», «Пяць вечароў» і «Мёртвыя душы».

Адзіная беларуская пастаноўка, на якую ўжо не патрапіць, — «Жаніцьба» па Гогалі ад Беларускага дзяржаўнага тэатру юнага гледача.

Ужо не атрымаецца набыць і квіткі да грузінскага гурта Bravo Metehi, выступ якога запланаваны на 9 ліпеня. У сваёй творчасці музыкі камбінуюць фальклорныя і эстрадныя стылі, спяваюць на грузінскай мове. У лістападзе 2020 года гурт выпусціў рускамоўны кавер на «Белавежскую пушчу».

Сярод іншых мерапрыемстваў, куды запрашаюць арганізатары, ёсць выступ «Зорак тыктоку» (у тым ліку Дзім Дзімыча і блогера Кабякова). Уваход туды будзе каштаваць ад 40 да 75 рублёў.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Славянский базар в Витебске (@festivalvitebsk)

Канцэрты расійскіх артыстаў (Стаса Міхайлава, Вольгі Бузавай, Алега Маямі і іншых) абыдуцца ў 75-155 рублёў.

Тэатральныя пастаноўкі будуць таннейшымі: ад 18 да 65 рублёў. Дарэчы, дзве з іх пройдуць беларускай мове — «Кацёл з каменьчыкамі» па Уладзіміры Караткевічы і «Дзюймовачка» па Гансе Хрысціяне Андэрсане ад віцебскага тэатра «Лялька».

Паслухаць у Віцебску можна будзе і 21-гадовую Насцю Краўчанка — поп-спявачку, якая прадставіць Беларусь на «Інтэрбачанні» (музычны конкурс, створаны ў адказ на «Еўрабачанне»).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула