БЕЛ Ł РУС

У Мінску з'явіўся чарговы помнік міліцыянеру. У сталіцы іх ужо шэсць

24.06.2025 / 14:21

Nashaniva.com

У цэнтры Мінска з’явіўся яшчэ адзін помнік міліцыянеру. Ён размясціўся каля новага будынка ГУУС Мінгарвыканкама на Дабрамысленскім завулку, піша Blizko.by.

Скульптура стаіць каля прахадной на тэрыторыю комплексу. Гэта міліцыянер у форме савецкага ўзору: пояс з партупеяй зверху мундзіра, штаны‑галіфэ, боты, сумка‑планшэт, пісталет у кабуры. Таксама можна разглядзець пагоні з чатырма капітанскімі зорачкамі.

Імя скульптара не вядома.

Гэта ўжо далёка не першая скульптура, прысвечаная міліцыянтам і ўвогуле супрацоўнікам органаў унутраных спраў.

У лютым 2017 года на вуліцы Гарадскі Вал насупраць будынка МУС з’явілася скульптура гарадовага (аўтар Аляксандр Дранец). Фігура выклікала рэзананс у грамадстве ў першую чаргу дзіўным пасылам. Яе ўстанавілі да 100‑годдзя мінскай міліцыі.

Датай нараджэння мінскай міліцыі лічыцца 4 сакавіка 1917 года, калі атрады баявой арганізацыі пад кіраўніцтвам Фрунзэ раззброілі былую царскую паліцыю і гарадавых. Нягледзячы на гэты факт, усталявалі помнік не першаму міліцыянту, а менавіта гарадавому.

Мінчане пачалі ладзіць розныя перформансы з помнікам, часам хуліганскія. За што потым былі вымушаныя запісваць на відэа выбачэнні. Пасля таго, як тагачасны міністр МУС Ігар Шуневіч пакінуў пасаду, пераслед за абразу помніка спыніўся.

У маі 2018‑га ўнутры двара Акадэміі МУС на праспекце Машэрава ўсталявалі скульптуру выпускніка Акадэміі. Аўтар — Хізры Асадулаеў.

У лістападзе 2018‑га ўнутры двара ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама на вуліцы Кальварыйскай паставілі помнік супрацоўнікам міліцыі, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку. Гэта супрацоўнік міліцыі на каленях з дзяўчынкай. Аўтар скульптуры — Аляксандр Тухто.

Ёсць і яшчэ адна скульптура, якую тэматычна можна аднесці да групы выяў, прысвечаных міліцыянтам. Яна паказвае сабой юнага інспектара ДАІ ў мундзіры, фуражцы, з жэзлам і Правіламі дарожнага руху ў руках.

Гэтая скульптура (таксама невядомага шырокай грамадскасці аўтара) з’явілася ў 2018 годзе падчас капітальнага рамонту двара дамоў № 79 і 81 па вуліцы Пляханава. У 2019‑м гэты двор прызналі найлепшым у Мінску. Скульптура таксама выклікала супярэчлівыя рэакцыі сярод мінчан: частка гараджан лічыць, што ў юнага інспектара вельмі ўжо дзіўны выраз твару.

Таксама ў Мінску ёсць памятны знак, прысвечаны загінулым пры выкананні службовым супрацоўнікам і вайскоўцам МУС (скульптары А. Дранец і В. Антановіч). Помнік — шчыт, меч, вянок і сімволіка МУС. Якіх‑небудзь персанажаў на гэтым помніку няма.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула