БЕЛ Ł РУС

У Гродне ўлады ўзяліся за несанкцыянаваную рэкламу — банеры на агароджах давялося паздымаць

26.06.2025 / 17:25

Nashaniva.com

Рэкламныя банеры на агароджах сыходзяць у мінулае.

Рэкламныя банеры, размешчаныя на плоце аўтастаянкі ў Гродне, 2023 год. Ілюстрацыйны здымак. Фота: Яндэкс Панарамы

Як стала вядома «Нашай Ніве», у Гродне мясцовыя ўлады ўзяліся за несанкцыянаваную рэкламу. Прадпісанні ад выканкама выдавалі аўтамабільным паркоўкам і іншым арганізацыям, якія размяшчалі рэкламу на плоце. На многіх паркоўках, апроч самой стаянкі, месцяцца аўтакамісы, часам шынамантажы, арэнда прычэпаў, будаўнічай тэхнікі і г.д. Натуральна, што ўсе гэтыя арандатары мелі патрэбу ў тым, каб рэкламаваць свае паслугі.

Вырашалася гэтае пытанне вельмі проста — вешалі на агароджу паркоўкі рэкламны банер. Апроч рэкламы сваіх арандатараў, паркоўкі часам размяшчалі і іншую, пераўтвараючы агароджу ў білборд.

Рэкламныя банеры, размешчаныя на плоце за якім месцяцца склады і іншыя памяшканні ў Гродне, 2023 год. Ілюстрацыйны здымак. Фота: Яндэкс Панарамы

Мясцовыя ўлады ўзяліся за гэтае пытанне прыкладна з сярэдзіны вясны, шмат дзе банеры зніклі. Ахвотным працягваць размяшчаць рэкламу прапанавалі яе ўзаконіць і плаціць адмысловы рэкламны збор. У іншым выпадку — штраф.

Размяшчаць рэкламу на агароджы нельга, пакуль ягоны ўласнік не атрымае на яго пашпарт рэкламнай канструкцыі. Пасля таго як улады пачалі змагацца з незаконнай рэкламай, замест размяшчэння яе на агароджы некаторыя вырабляюць адмысловую канструкцыю, якую проста ўсталёўваюць побач — здалёк выглядае, быццам банер вісіць на агароджы.

Многія бізнэсы, якія сутыкнуліся з патрабаваннем зняць няўзгодненыя банеры, вырашылі адмовіцца ад іх наогул, паколькі не хочуць займацца падрыхтоўкай дакументаў і вырабам дадатковай канструкцыі, на якую можна будзе легальна перавесіць банер, што раней быў на агароджы.

Нагадаем, што на пачатку года актыўна абмяркоўвалася сітуацыя ў сталіцы, калі жыхары «Мінск-Свету» павінны былі атрымаць рэкламны пашпарт і плаціць за назвы на дамах «Пекін», «Полька» і іншыя, паколькі фармальна назвы ЖК — гэта таксама рэклама.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула