БЕЛ Ł РУС

Беларусы Даніла Клімовіч і Мікіта Талапіла выйгралі Кубак Колдэра

24.06.2025 / 6:55

Nashaniva.com

У шостым матчы фінальнай серыі плэй-оф АХЛ (Кубак Колдэра) «Абатсфорд Кэнакс» на выездзе абыграў «Шарлот Чэкерс» з лікам 3:2 і выйграў у серыі — 4:2.

Даніла Клімовіч. Фота: прэс-служба «Абатсфорд»

Канадскі хакейны клуб упершыню ў гісторыі заваяваў Кубак Колдэра.

Форвард Даніла Клімовіч узяў удзел у вырашальным матчы, выйшаўшы ў чацвёртым звяне, і адзначыўся закінутай шайбай на 24-й хвіліне. У 16 матчах плэй-оф ён набраў 4 галы (з іх 3 пераможныя), 12 хвілін штрафу і паказчык карыснасці «+3».

Беларускі брамнік Мікіта Талапіла застаўся на лаўцы запасных. У цяперашнім плэй-оф ён правёў адзін матч, які завяршыўся паразай. Яго статыстыка: каэфіцыент надзейнасці — 2,68, працэнт адбітых кідкоў — 91,3%.

Самым каштоўным гульцом плэй-оф быў прызнаны галкіпер «Абатсфорда» і зборнай Латвіі Артур Шылаў, які фактычна не даў шанцаў беларусу Талапілу.

АХЛ — гэта Амерыканская хакейная ліга, другая па значнасці хакейная ліга ў Паўночнай Амерыцы пасля НХЛ (Нацыянальнай хакейнай лігі), у сусветным рэйтынгу яна займае недзе пяты-шосты радок. АХЛ з'яўляецца лігай для фарм-клубаў НХЛ, з і АХЛ выклікаюцца ў НХЛ гульцы на дапамогу. 

Кубак Колдэра — гэта аналаг Кубка Стэнлі.

Клімовіч і Талапіла сталі чацвёртым і пятым беларусам, што выйгралі Кубак Колдэра. У сезоне 2006-2007 трафей у складзе «Гамільтана» ўзялі Міхаіл Грабоўскі і Андрэй Касціцын, што потым гулялі ў НХЛ. У 2023 годзе Кубак Колдэра заваяваў у складзе «Хершы» Аляксей Протас, сённяшняя зорка «Вашынгтона» НХЛ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула