БЕЛ Ł РУС

Як Радзім Гарэцкі прамяняў кар'еру ў Маскве на Мінск і не пашкадаваў. Гісторыя жыцця 96-гадовага віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук

23.06.2025 / 22:18

Nashaniva.com

Радзім Гарэцкі, які 22 чэрвеня ў 96-гадовым узросце пакінуў гэты свет, нарадзіўся ў вядомай і паспяховай сям’і, але ў выніку бальшавіцкіх рэпрэсій бацькі страцілі ў Беларусі ўсё. Ледзь не палову жыцця ён пражыў у Расіі, але геолага цягнула родная зямля. Пасля 40 гадоў жыцця на чужыне ён вярнуўся на радзіму, стаў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук, якую ствараў ягоны бацька, і дзеячам нацыянальнага адраджэння, якое ў пачатку XX стагоддзя пачынаў ягоны дзядзька Максім. Пра жыццёвы шлях Радзіма Гарэцкага піша Мікіта Доўнар.

Радзім Гарэцкі

Гарэцкія з’яўляюцца ўнікальнай дынастыяй у гісторыі Беларусі. Бабуля Радзіма Еўфрасіння была пявухай. Ад яе сыны запісалі каля 300 песен, многія з якіх яна стварыла сама. Бацька Радзіма Гаўрыла разам з братам Максімам паходзілі з беднай сям’і, у якой бацькі не ўмелі ані чытаць, ані пісаць. А іх дзеці сталі пачынальнікамі беларускай дзяржаўнасці і навукі. 

Іван Кузьміч і Еўфрасіння Міхайлаўна Гарэцкія, бацькі Максіма т Гаўрылы Гарэцкіх, дзед і баба Радзіма Гарэцкага. 1920-я гады

Старэйшы Максім стаў класікам нацыянальнай літаратуры. Гаўрыла стаў самым маладым акадэмікам Акадэміі навук Беларусі, якую сам і ствараў. Іх імпэт, інтэлігентнасць і беларускасць перадаліся дзецям. Сын Максіма Леанід загінуў на вайне і бадай адзінае, што ён пакінуў пасля сябе — лісты сям’і з фронту. Яны ў свой час моцна ўразілі Алеся Адамовіча і дзякуючы яму друкаваліся ў беларускіх выданнях. Адамовіч параўноўваў глыбіню Леанідавых тэкстаў да бацькавай, пісаў, што ён стаў працягам Максіма. Дачка Максіма Вольга была мовазнаўцай і літаратурным крытыкам. Сын Гаўрылы Усяслаў быў навукоўцам, педагогам і аўтарам «Буквароў» для мільёнаў савецкіх дзяцей. А ягоны брат Радзім, як і бацька, стаў геолагам, акадэмікам АН. І нацыянальным дзеячам, як бацька і дзядзька. 

Радзім нарадзіўся ў Мінску ў 1928 годзе. Калі яму было тры гады, бальшавікі арыштавалі бацьку і выслалі будаваць Беламорска-Балтыйскі канал. З кватэры ў Мінску сям’ю выгналі, жонку «ворага народа» ніхто не браў на працу. Праз некалькі год жанчына з двума сынамі прыедзе да мужа ў Карэлію. Пра сваё дзяцінства там Радзім пасля згадваў:

«Абодва ад зняволеных крымінальнікаў атрымалі добрую «школу»: навучыліся брыдкаслоўю, паліць акуркі, непаслухмянасці і разгільдзяйству». 

Але выхаванне ў сям’і перамагло вулічнае. Часам бацька браў у геалагічныя «паходы» малодшага сына, вучыў яго збіраць прыгожыя камяні, кераміку і чарапкі з неалітавых стаянак. Так Радзім абраў тую ж прафесію, што і бацька. Скончыў Маскоўскі нафтавы інстытут, абараніў там доктарскую дысертацыю і працаваў у геалагічным інстытуце. Радзім Гарэцкі, магчыма, назаўсёды застаўся б расійскім вучоным. Паваротную ролю ў ягоным жыцці сыграў бацька.

Радзім, Ларыса, Гаўрыла, Усяслаў Гарэцкія. Ялабуга Татарскай АССР, 1954

Напрыканцы 1960-х Гаўрылу Гарэцкаму дазволілі нарэшце вярнуцца ў Мінск пасля амаль 20 гадоў просьбаў. Намаганні ён рабіў ад заканчэння вайны, але як былы рэпрэсаваны быў на асаблівым уліку. Прыезд на бацькаўшчыну супаў з рэабілітацыяй твораў ягонага брата Максіма. Рэч у тым, што да сярэдзіны 1960-х доступ да твораў Максіма Гарэцкага быў абмежаваны, фактычна напалову забаронены. Усё было ў спецсховішчы.

Уладзімір Дубоўка і Гаўрыла Гарэцкі, 1970 год. Фота: ЦНБ НАН Беларусі

Змена адбылася пасля аднаго з пленумаў ЦК КПБ. На ім кіраўнік Савецкай Беларусі Кірыла Мазураў крытыкаваў аднаго з беларускіх пісьменнікаў, маўляў, навошта вы друкуеце Гарэцкага, яго творы і ён сам не спрыялі пабудове сацыялізму. Той пісьменнік, які быў і рэдактарам часопіса «Полымя», запярэчыў: «Як не пісаў? «Віленскіх камунараў» Гарэцкі напісаў, а не нехта іншы». Мазураў тады пагадзіўся. Той эпізод стаў адмашкай, і творчасць Гарэцкага нарэшце пачалі даследаваць. Тым пісьменнікам і рэдактарам быў Максім Танк. 

Як згадваў Радзім, пераезд бацькі ў Беларусь стаў самым шчаслівым этапам у яго жыцці. У яго нібыта адкрылася другое дыханне. Вось як пра той час пісаў у лісце да жонкі сам Гаўрыла Гарэцкі:

«У Мінску квітнее шура, калакалуха, некаторыя яблынкі, усё зелянее. Хораша невымоўна. Прыгожая сталіца Беларусі. Мне тут добра, уздымна, радасна». 

Гаўрыла Гарэцкі з братам Парфірам і сынам Радзімам. Магілёў. 3 траўня 1974 года. Фота: www.movananova.by

Калі ён уладкаваўся ў Беларусі, то пачаў намаўляць да гэтага і малодшага сына. Гэтае вяртанне ў краіну дзяцінства Гарэцкаму дазволілі таксама не адразу. У 1972 годзе Радзім вярнуўся на радзіму, краіну мары бацькоў. Вось як ён гэта ўгадваў:

«У тыя гады большасць людзей, асабліва вучоныя, імкнуліся жыць у Маскве, дзе было значна лепш з харчаваннем, магазінамі, бытам, чым у іншых гарадах Саюза, а навуковыя ўстановы па якасцях і магчымасцях былі ў сваёй большасці таксама лепшымі. Геалагічны інстытут АН СССР быў лепшым не толькі ў СССР, а, мусіць, і ў замежжы. У мяне былі вельмі добрыя перспектывы і навуковага, і кар’ернага росту. Большасць супрацоўнікаў і сяброў глядзелі на мяне як на нейкага дзівака, а некаторыя нават называлі вар’ятам». 

Гаўрыла Гарэцкі з унукамі Кірылам (сын Усяслава) і Вольгай (дачка Радзіма). Дзедаўск, 1969 год

Гарэцкаму на той момант было ўжо 43 гады. Дарэчы, прыехаўшы з Масквы ў Мінск, Радзім Гарэцкі ўжо ўмеў размаўляць па-беларуску. Гэтаму яго ў Расіі, яшчэ ў студэнцкія гады, навучылі бацькі. Дзе б яны ні былі, паміж сабой яны заўсёды размаўлялі па-беларуску, ліставаліся таксама на роднай мове. 

Радзім Гарэцкі за працоўным сталом

У Мінску Радзім Гаўрылавіч пачаў працаваць у Акадэміі навук, заснаваў там аддзел геатэктонікі.

А ў 1977 годзе Гарэцкі ўзначаліў Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР. Адна з першых рэчаў, якія ён зрабіў на радзіме — тэктанічная карта Беларусі. Увогуле Гарэцкі лічыў, што па карысных выкапнях Беларусь багатая краіна. 

«У нашай зямлі ёсць расолы, з якіх пры адпаведнай тэхналогіі можна атрымліваць ліцій, бром, ёд. У нас ёсць радовішча жалезнай руды каля Карэлічаў. Там не толькі руда, там ёсць золата, срэбра, мармур. У нас ёсць бурштын, буры вугаль, гаручыя сланцы, фасфарыты, цэаліты. Беларусь — багатая краіна. Пры добрым гаспадаранні мы маглі б быць паперадзе ўсёй Еўропы!»

Але пры гэтым дадаваў:

«Справа не ў карысных выкапнях, а ў эканоміцы, у тых людзях, якія кіруюць краінай. Многія еўрапейскія краіны зусім не маюць карысных выкапняў ці маюць іх вельмі мала — Швейцарыя, Бельгія, Нідэрланды. А людзі там жывуць нашмат лепш, чым мы», — казаў у 2001 годзе Гарэцкі. 

Тады, у 70-я, яго хутка заўважылі і прапанавалі стаць рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта лічылася магутным скокам па кар’ернай лесвіцы, у заробку, прэстыжы. Радзім Гаўрылавіч катэгарычна адмовіўся, хаця яго палохалі наступствамі.

Тыя гады Гарэцкі ўзгадваў як залатую эру для беларускай навукі. Пятро Машэраў не шкадаваў грошай на Акадэмію навук. У інстытуце Гарэцкага працавала тады амаль 400 чалавек. Пры кіраванні Акадэміяй навук Мясніковічам, ужо ў незалежнай Беларусі, інстытут перадалі Мінпрыроды. 

«Я адчуваю сябе пушкінскім старым, які застаўся каля разбітага карыта», — пісаў пра наступствы кіравання Мясніковіча Радзім Гарэцкі. 

Але ўсё гэта сталася значна пазней, у 1997 годзе, калі Гарэцкі пакідаў Акадэмію навук. За гады працы там ён напісаў 600 навуковых прац, амаль паўсотні манаграфій. 

Радзім Гарэцкі любіў цытаваць у інтэрв'ю словы свайго бацькі, якія той запісаў у сваім нататніку ў 1943 годзе. 

«Мэта жыцця — зрабіць наш народ багатым, заможным, сытым, культурным, адроджаным, адноўленым, сацыяльна і нацыянальна свядомым (не саромецца беларусамі звацца)… шчаслівым, радасным, квітнеючым, маладым, неўміручым, адвечным; здольным піць нектар агульналюдскае культуры, а разам з тым ствараць уласныя вялікія каштоўнасці. «Адысеі», «Іліяды «, «Нібелунгі» (…) Квітнеючая гаспадарка. Росквіт культуры. Прыгожае пісьменства. Музыка. Тэатр. Малярства. Скульптура. Архітэктура. Навука. Свае Шэкспіры, Бальзакі, Мапасаны, Стэндалі, Гётэ. Міцкевічы, Пушкіны, Талстыя… Усебаковае адраджэнне, інтэгральны рэнесанс. I надусім —ува ўсім — перш за ўсё Вялікае Роднае Слова. Мова, крыніца жыцьця, падстава неўміручасці, душа і сэрца народу, яго бог, яго жыццё, сам народ…»

У апошнія гады існавання СССР Радзім Гарэцкі быў не толькі навукоўцам, але стаў і грамадскім дзеячам. Далучыўся да Згуртавання беларусаў свету (у 1993 узначаліў яго), Таварыства беларускай мовы, Беларускага фонду культуры. І, што цяпер немагчыма ўявіць, у той жа час ён займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук. А тады Гарэцкі мог шмат на што ўплываць. Дзякуючы яму ў БДУ з 1994 года пачалі рыхтаваць геолагаў пасля доўгага перапынку. 

Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі ён стаў у жорсткую апазіцыю да новаабранага прэзідэнта. Расказваў у інтэрв'ю, што асабіста некалькі разоў размаўляў з ім у сярэдзіне 1990-х і ўжо тады зразумеў, што гэта чалавек, які не лічыцца з іншай думкай і мае дыктатарскія замашкі. Улетку 2000 года Гарэцкі быў адным са сустаршыняў Усебеларускага з'езда за незалежнасць. Гэта мерапрыемства ў Мінску праводзілася ў піку планам Лукашэнкі па інтэграцыі з Расіяй.

Радзім Гарэцкі на прэзентацыі ў Маладзечне ў 2014 годзе

Займацца грамадскай дзейнасцю Радзім Гарэцкі працягнуў і тады, калі яму было за 75. У 2003 годзе ён уваходзіў у камітэт па святкаванні 85-годдзя БНР, а калі вяртаўся з першага паседжання, на яго напалі невядомыя. Як вынік — чэрапна-мазгавая траўма і пералом носа. Але міліцыя палічыла напад звыклым рабункам. 

І ў 2020-м, калі Гарэцкаму было за 90, ён быў у ясным розуме і сачыў за падзеямі, падтрымліваў свой народ:

«Калі я бачу мора бел-чырвона-белых сцягоў, мая душа радуецца. (…) Я пражыў амаль 92 гады. Я дзякую Богу, што ён даў мне доўгае жыццё і магчымасць убачыць, як абудзіўся мой народ. Паўтаруся, для мяне гэта вялікае шчасце!»

Гаўрыла і Радзім Гарэцкія вярнуліся ў Беларусь праз 40 год расстання з ёй. Старэйшаму было 69 год, малодшаму 43. Бацька пісаў у адным з лістоў з Мінска жонцы: «Так многа карыснага можна тут зрабіць». Хто, як не геолагі, маглі так глыбока разумець вартасць роднай зямлі.

Развітанне з Радзімам Гаўрылавічам Гарэцкім будзе праходзіць 24 чэрвеня з 11.00 у канферэнц-зале Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (праспект Незалежнасці, 66).

Чытайце таксама:

Памёр Радзім Гарэцкі

Ён прайшоў шлях ад сына «ворага народа» да доктара навук і атрымальніка Дзяржпрэміі

Радзім Гарэцкі: Я пражыў амаль 92 гады і рады бачыць, як абудзіўся мой народ

Радзіму Гарэцкаму — 90: «Маё жыццё прайшло пад дамоклавым мячом. Нас у Беларусь не пушчалі»

Каментары да артыкула