Іран запусціў ракеты па вайсковых базах ЗША ў Катары
Іран запусціў шэсць ракет па вайсковых базах ЗША ў Катары. Пра гукі выбухаў паведамляюць жыхары сталіцы гэтай краіны — Дохі.
Скрыншот з відэа, зробленага ў Досе
Паводле даных выдання Axios, Іран накіраваў шэсць балістычных ракет у бок амерыканскіх вайсковых аб'ектаў у Катары, у прыватнасці — на авіябазу Аль-Удэйд (Al Udeid Air Base), найбуйнейшы аб'ект ВПС ЗША ў рэгіёне Персідскага заліва.
Раней паведамлялася, што Іран перакідае ракетныя ўстаноўкі для магчымага ўдару па сілах ЗША на Блізкім Усходзе.
Амбасада ЗША ў Катары рэкамендавала сваім грамадзянам, якія знаходзяцца ў гэтай арабскай краіне, «у якасці мер засцярогі» схавацца ў сховішчах да далейшага паведамлення.
Улады Катара прыпынілі палёты ў паветранай прасторы краіны.
Катар назваў атаку з боку Ірана грубым парушэннем суверэнітэту дзяржавы і міжнароднага права. МЗС краіны напісаў у сацсетцы Х, што пакідае за сабой права на адказ.
Таксама ў міністэрстве пацвердзілі, што іранскія ракеты перахапілі катарскія сілы СПА, пацярпелых сярод вайскоўцаў і цывільных няма.
Чытайце таксама:
«Гэта рызыкоўна, але пакідаць як ёсць таксама не варыянт». Фрыдрых Мерц падтрымаў удары ЗША па Іране
Разведка Ізраіля: Іран вывез узбагачаны ўран з ядзерных аб’ектаў да ўдараў ЗША
Ці ўдалося ЗША знішчыць галоўны Іранскі ядзерны бункер, пакуль не зразумела