На вайне ва Украіне загінуў берасцеец, што ваяваў за Расію. У 2020-м ён выратаваў дваіх дзяцей на пажары ў Маларыце
Удалося пацвердзіць гібель на вайне ва Украіне маладога берасцейца які падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расіі, паведамляе тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!».
Імя Уладзіслава Губея было ва ўкраінскім спісе загінулых наймітаў расійскай арміі. У ягоным профілі ў TikTok пад апошнімі ролікамі падпісчыкі, у тым ліку яго сястра (мяркуючы па ўсім, кузіна) Галіна Губей — удзельніца 3 сезона «Зорны шлях» на АНТ — пакінулі некалькі мемарыяльных каментарыяў («Спі спакойна, анёлак).
Паводле даных праекта «Хачу жыць», хлопец падпісаў кантракт 22 сакавіка 2024 года ва ўзросце 22 гадоў — 17 жніўня таго ж года ён ужо загінуў.
У 2020 годзе Уладзіслаў, жывучы ў Маларыце, выратаваў дзяцей з суседняй кватэры, ахопленай пажарам.
29 снежня 2020 года на вуліцы Ціхай адбыўся пажар у кватэры, размешчанай на другім паверсе пяціпавярховага жылога дома. Там былі трое дзяцей.
Курсант Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Арцём Дубач і студэнт Пінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа Аляксей Дэйнак, што праходзілі міма, пачулі дзіцячы крык аб дапамозе з акна другога паверха і неадкладна адрэагавалі: адначасова паведамляючы пра здарэнне ў службу МНС. Яны змаглі аказаць дапамогу шасцігадовай дзяўчынцы.
Да таго часу прыбегла гаспадыня жылля і адчыніла дзверы.
Уладзіслаў Губей, які жыў у суседняй кватэры, закрыўшы рот мокрай тканінай, выратаваў з запоўненай дымам кватэры яшчэ двух малых: дзяўчынку і хлопчыка, двух і чатырох гадоў.
Уладзіслаў Губей на фота ў цэнтры з граматай за выратаванне