БЕЛ Ł РУС

Церцель: Гэтае мерапрыемства на днях было толькі адным з многіх, але пакуль не пара пра іх казаць

22.06.2025 / 17:39

Nashaniva.com

Старшыня КДБ раскрыў сваю ролю ў перамовах Лукашэнкі з Келагам і стварыў інтрыгу вакол стасункаў беларускага рэжыму з Захадам.

Старшыня КДБ Беларусі Іван Церцель. Фота: БелТА

Іван Церцель, які прысутнічаў на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са спецпасланнікам Прэзідэнта ЗША Кітам Келагам, адзначыў, што КДБ адыгрываў ключавую ролю ў арганізацыі гэтых кантактаў. Пра гэта паведамляе БелТА.

Ён запэўніў, што Лукашэнка робіць усё магчымае для таго, «каб дасягнуць кансэнсусу, каб знізіць узровень эскалацыі», а розныя сустрэчы і кантакты ў таго ёсць не толькі з амерыканскім бокам:

«Думаю, што час потым пакажа і іншыя аспекты. Але з амерыканскім бокам вось такога выніку мы дасягнулі, Гэта мерапрыемства, якое было на днях, толькі адно з вельмі-вельмі многіх.

Кантакты ў кіраўніка дзяржавы, у тым ліку на самым высокім, на высокім узроўні з іншымі краінамі ёсць. І іх шмат. І, канешне, пакуль не час пра іх гаварыць. Але з цягам часу мы раскажам», — сказаў Церцель.

Ён таксама выказаў меркаванне пра нядаўняе памілаванне:

«Думаю, што вось гэты жэст, які кіраўнік дзяржавы праявіў да суседзяў, нягледзячы на іх палітыку не зусім добрасуседскую і ўзважаную (і не на дабро іхнім народам), і тыя пасылы, якія наш кіраўнік дзяржавы накіраваў ім, будуць пачутыя, і мы ўбачым такі ж падыход — добрасуседскі — з іх боку. Кажуць, што надзея памірае апошняй. Будзем спадзявацца, што не ў гэтым выпадку», — заявіў Церцель.

Ён паведаміў, што мерапрыемства з амерыканскім бокам не было спантанным:

«Гэта сістэмная праца, якая ішла ўжо на працягу больш як года. З кіраўніком дзяржавы сустракаліся рознага ўзроўню прадстаўнікі амерыканскай адміністрацыі, абмяркоўвалі самыя розныя пытанні — міжнародныя, унутранага парадку дня».

Старшыня КДБ падкрэсліў, што генерал Келаг з’яўляецца асабліва даверанай асобай Прэзідэнта ЗША:

«Гэта сведчыць аб тым, што Рэспубліка Беларусь і ЗША знаходзяцца ў кантакце па многіх пытаннях, пра якія я не хацеў бы гаварыць. Але абмеркаванне якіх здольнае прывесці да рашэння праблем у многіх рэгіёнах. І, у прыватнасці, там, дзе мы з вамі жывем».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула