Іван Краўцоў: Тое, што мы казалі 4 гады запар амерыканцам і еўрапейцам, пачало адбывацца
Сакратар Каардынацыйнай рады і былы сябар штаба Віктара Бабарыкі «з усмешкай узгадвае аналітыкаў, якія казалі, што Лукашэнка назаўсёды нерукапацісканы».
Сяргей і Сцятлана Ціханоўскія на прэс-канферэнцыі пасля вызвалення палітвязняў.
Іван Краўцоў пракаментаваў вызваленне Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 13 палітвязняў.
«Проста рады, што тое, пра што мы чатыры гады запар казалі амерыканцам і еўрапейцам, пачынаючы з лістапада 2021 года, нарэшце пачало адбывацца — і гэта вялікі крок наперад.
Тут цалкам згодны з Сяргеем Леанідавічам Ціханоўскім: першае — трэба вызваліць людзей, і для гэтага цяпер ужо ёсць і механізмы, і магчымасці.
На прэс-канферэнцыі ён заклікаў звярнуцца да прэзідэнта ЗША з просьбай, каб той пагаварыў з Лукашэнкам пра вызваленне ўсіх.
І, вядома, з сумнай усмешкай успамінаю аналітыкаў і актывістаў, якія казалі, што Лукашэнка — «усё», што ён назаўсёды нерукапацісканы і нікога больш вызваляць не будзе».