Рыбакоў: Беларусь і ЗША абмяркоўваюць магчымасць поўнай нармалізацыі адносін
Валянцін Рыбакоў, удзельнік перамоў Лукашэнкі з Келагам, спадзяецца, што краіны абмяняюцца візітамі і адновяць працу пасольстваў у поўным аб'ёме.
Валянцін Рыбакоў. Скрыншот відэа
Пра гэта пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў паведаміў, каментуючы вынікі сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са спецыяльным пасланнікам Прэзідэнта ЗША Кітам Келагам, перадае БелТА.
«Вядома, у першую чаргу абмяркоўваюцца пытанні канчатковай нармалізацыі двухбаковых адносін — поўная нармалізацыя з аднаўленнем у поўным аб’ёме працы пасольстваў у абедзвюх краінах, абмен візітамі і гэтак далей».
Паводле Рыбакова, адміністрацыя ЗША ўсведамляе ролю Беларусі ў рэгіянальнай палітыцы:
«Адміністрацыя ЗША ўсведамляе месца і ролю Беларусі ў рэгіянальнай сітуацыі».
Сярод прыярытэтных для Беларусі пытанняў застаецца тэма санкцый:
«Мы пастаянна гэта падкрэсліваем — санкцыі, якія з’яўляюцца абсалютна незаконнымі. Гэта аднабаковыя меры, прынятыя з парушэннем усіх нормаў міжнароднага права. Гэтае пытанне абмяркоўваецца, і мы спрабуем знайсці нейкія развязкі, нейкія рашэнні».
Нагадаем, што ў пятніцу спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША Кіт Келаг правёў у Мінску перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, вынікам якіх стала вызваленне 14 палітычных зняволеных, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага.