БЕЛ Ł РУС

Былы палітвязень Коршун асудзіў Ціханоўскага: Вазьмі сябе ў рукі. Маіх слёз ніхто не бачыць, бо я моцны.

22.06.2025 / 16:41

Nashaniva.com

Зацяты крытык Офіса Святланы Ціханоўскай не спыняе прэтэнзій.

Сяргей Коршун

Былы палітвязень, стваральнік ютуб-канала «Не беглы» Сяргей Коршун — адзін з нямногіх, хто раскрытыкаваў паводзіны Сяргея Ціханоўскага на прэс-канферэнцыі пасля вызвалення.

Коршун палічыў недарэчнымі слёзы Ціханоўскага ў момант, калі той расказваў пра сустрэчу з дачкой, якая не пазнала яго пасля пяцігадовага расстання. І супрацьпаставіў сваю моц «слабасці» Ціханоўскага.

«Рады за Сяргея! Але лідар павінен трымаць сябе ў руках, пакуль іншыя сядзяць. Я таксама часам плачу, але маіх слёз ніхто не бачыць, бо я моцны. У эфіры можна было расплакацца, але потым сабрацца і весці яго як мужчына. Ён паспяшыў з гэтым эфірам — трэба было спачатку адысці, прыйсці ў сябе! А плаксівасць яму ачкоў не дадае — хлопцы (Знак, Севярынец, Статкевіч, Цыгановіч) і іншыя ўсё яшчэ за кратамі. Сяргей Ціханоўскі, вазьмі сябе ў рукі, ці, як кажам мы — раскумарся!», — напісаў у фэйсбуку Сяргей Коршун.

Сяргею Коршуну 47 гадоў. Ён служыў у міліцыі, быў звольнены з органаў у 2010-м. У 2020-м далучыўся да руху за перамены, быў аўтарам тэлеграм-канала «Армія з народам». Быў арыштаваны ў ліпені 2020 і прысуджаны да 4,5 года зняволення. Цалкам адбыў пакаранне, у ліпені 2024 года выйшаў на свабоду і неўзабаве з'ехаў з Беларусі.

Расчараваўшыся ў тым, што адбываецца ў эміграцыйнай палітыцы, Коршун разам з блогерам Сяргеем Пятрухіным сканцэнтраваўся на знішчальнай крытыцы Офіса Святланы Ціханоўскай і іншых дэмакратычных сіл.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула