Стала вядома імя яшчэ аднаго палітвязня са спіса Келага
Адным з 14 вызваленых 21 чэрвеня з дапамогаю Кіта Келага, спецпасланніка прэзідэнта ЗША, палітвязняў — грамадзянін Польшчы Ежы Жывалеўскі. Яму прысудзілі 4 гады калоніі за агентурную дзейнасць.
Ежы Жывалеўскі — грамадзянін Польшчы, якога ў Беларусі асудзілі на чатыры гады калоніі за нібыта «агентурную дзейнасць». Яго прызналі палітвязнем, і ён стаў першым палякам з такім статусам у Беларусі.
Паходзіць Ежы з вёскі непадалёк ад беларускай мяжы. Палову жыцця ён правёў у Беларусі, дзе ажаніўся з беларускай Аленай, пабудаваў дом на беразе Нёмана і разам з жонкай трымаў краму ў Гродне. У сям’і падрастаў сын, сам Ежы часта ездзіў у Польшчу да маці, дапамагаў ёй у гаспадарцы.
Сябры апісвалі СМІ яго як спакойнага, працавітага чалавека, які не цікавіўся палітыкай і не меў ніводнай зачэпкі, каб патрапіць пад абвінавачанні ў шпіянажы.
Ён любіў Гродна, добра ведаў горад і з захапленнем паказваў яго гасцям. Некалі ён у Польшчы валодаў невялікім бізнесам і кватэрай, але цалкам пераехаў у Беларусь і жыў там шчыра і спакойна. Сябры кажуць: ён быў шчаслівы, што жыве ў Беларусі, дзе людзі добрыя і ментальнасць яму блізкая.
Жывалеўскага затрымалі ўвесну 2022 года — проста на вуліцы. Пасля гэтага яго блізкія доўга нічога не ведалі. Суд адбыўся ў закрытым рэжыме, прысуд вынес суддзя Анатоль Заяц — вядомы па палітычных справах. 22 сакавіка 2023 года мужчыну асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Дзяржаўная прапаганда пачала паказваць Жывалеўскага як нібыта завербаванага польскімі спецслужбамі пад псеўданімам «Пасейдон».
Адбываў пакаранне ў ПК-3 «Віцьба».
Жывалеўскі меўся выйсці на волю 16 жніўня 2025 года.