Вызвалены палітвязень Балахонаў: Бабарыка ўвесь час на ШІЗА і ПКТ
Кірыл Балахонаў, фігурант справы «Саюза беларускага нацыянальнага шчыта», чата на пяцярых чалавек, расказаў «Радыё Свабода», што яму вядома пра Віктара Бабарыку.
Кірыл Балахонаў. Скрын відэа «Радыё Свабода»
«Бабарыку бачылі?» — спытаў у Балахонава журналіст.
«Бабарыка ўвесь час сядзіць на ШІЗА і ПКТ і больш за два гады ён не з'яўляецца», — адказаў ён.
Балахонаў дадаў, што Ціханоўскага праз 5 гадоў ён не пазнаў.
«Я яго памятаю яшчэ ў 20-м годзе, ён быў такі масіўны, цяпер… Проста жах, што робіцца ў калоніях», — кажа ён.
Хлопец дадае, што адчувае змешаныя пачуцці наконт свайго вызвалення.
«Я адчуў і радасць, і неразуменне таго, чаму менавіта вызвалілі мяне. Чаму не якіхсьці іншых людзей? Гэта дагэтуль для мяне застаецца загадкай», — сказаў ён.
На пытанне, а каго, як ён мяркуе, варта было вызваліць у першую чаргу, ён адказаў:
«Тых, хто сапраўды ў гэтым маюць патрэбу: як Бабарыка, Лосік, Пачобут, ну і іншыя медыйныя асобы».
У студзені 2025 года з'явілася кароткае відэа Рамана Пратасевіча з Віктарам Бабарыкам. На відэа Бабарыка выглядаў схуднелым, але «жывым» і «ў добрым гуморы». Гэта было першае публічнае з'яўленне Бабарыкі за доўгі час.
21-гадовы Кірыл Балахонаў быў адным з пяці ўдзельнікаў закрытага чата «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта». Сцвярджалася, што хлопец збіраўся паехаць абараняць Украіну. Маладога чалавека, затрымалі 8 лістапада 2022 года, калі яму было ўсяго 18 гадоў.
Яго судзілі па двух артыкулах КК — «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» (арт. 361-1) і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4).
Суддзя Алена Бачышча 7 ліпеня 2023 года дала яму тры з паловай года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму