Так жылі багатыя мінчукі 90-х. Прадаюць кватэру ў доме для партыйнай эліты
Гэты дом на Чарвякова, 4 у Мінску будаваўся для партыйнай эліты. У ім толькі трох– і чатырохпакаёвыя кватэры. А ў кватэрах першапачаткова запраектаваныя кабінеты. Цяпер прадаецца адна з іх, піша Realt.
Фота тут і далей: Realt
Гэта раён Старажоўкі, амаль цэнтр горада, адкуль пешшу можна дайсці да Траецкага прадмесця, парка Перамогі і Нямігі.
Дзевяціпавярховік пабудавалі ў 1971 годзе па праекце архітэктараў Воінава і Філімонава. Забудоўшчык — Упраўленне справамі ЦК КПБ. Жыллё будавалася для партыйных работнікаў. І мяркуючы па ўсім — для кіруючых.
У кожным пад'ездзе тут налічваецца ўсяго па 17-18 кватэр — гэта значыць, па дзве кватэры на паверх. У шматпавярховіку адсутнічаюць аднапакаёўкі і двухпакаёўкі. Усе кватэры тут выключна вялікага метражу — толькі трох– і чатырохпакаёвыя.
У кватэрах — высокія столі (2,7 метра), вялікія вокны, прасторныя кухні і асобныя гасціныя. А яшчэ ў кожнай кватэры тут быў прадугледжаны працоўны кабінет.
Адна з такіх кватэр цяпер прадаецца. Гэта чатырохпакаёўка на 129,8 квадрата на сёмым паверсе.
У гасцінай плошчай 37 квадратных метраў — паркет, драўляная мэбля, дэкаратыўны камін, жалюзі, а таксама тэлевізар і музычны цэнтр.
З гасцінай — выхад на лоджыю з відам на парк Перамогі і Свіслач.
Кухня таксама велізарная — 17,5 квадрата. І ў ёй таксама атмасфера 90-х. Тут і драўляны гарнітур, і плітка на сценах.
У спальнях — таксама атмасфера 90-х. У адным з пакояў ёсць не толькі тэлевізар, але і відзік.
З кабінета — выхад на лоджыю з відам на зялёны двор.
Санвузел у кватэры раздзельны. У прыбіральні — асабісты смеццеправод.
Просяць за такую кватэру 184 тысячы даляраў. Метр атрымліваецца 1418 даляраў.
Але гаспадары гатовыя да гандлю.