БЕЛ Ł РУС

Бізнэсмен, беларуска са Швецыі, хлопец, асуджаны за чат на пяцярых. Каго яшчэ вызвалілі і вывезлі ў Вільню разам з Сяргеем Ціханоўскім

21.06.2025 / 19:10

Nashaniva.com

У выніку візіту ў Мінск спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Кіта Келага на волю выйшла 14 палітвязняў. Частку з іх адразу прывезлі ў Вільню.

На волі 21 чэрвеня апынуліся Сяргей Ціханоўскі, журналіст Ігар Карней, выкладчыца Наталля Дуліна, эстонец Алан Рой.

Хто яшчэ? Расказваем пра гэтых людзей.

Бізнэсмен Сяргей Шэлег

Сяргей Шэлег — 64-гадовы бізнэсмен і менеджар у фармакалагічнай галіне.

Франак Вячорка з 64-гадовым бізнэсменам Сяргеем Шэлегам (у цэнтры) і 21-гадовым Кірылам Балахонавым (справа). Фота: Офіс Ціханоўскай

З 2002 па 2005 ён быў дырэктарам па медыцынскай частцы кампаніі «Глобалфарма». Пасля перайшоў у кампанію Sanofi-Aventis (цяпер — проста Sanofi) на пасаду дырэктара. На 2022 год мужчына быў кіраўніком кірунку джэнзайм — ён спецыялізуецца на рэдкіх хваробах крыві, анкалогіях, рассеяным склерозе і імуналогіі.

У 2023 годзе Сяргей перайшоў у «Навамедыку» — буйную кампанію, якая займаецца оптавым гандлем фармацэўтычнымі вырабамі, а таксама мае ўласную клініку ў Мінску.

У Сяргея ёсць непаўнагадовы сын.

Суд над мужчынам адбыўся 22 сакавіка 2024 года. Яго абвінавачвалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК) і «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці» (ч. 2 арт. 290-1 КК).

Суддзя Настасся Папко прыгаварыла мужчыну да васьмі з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Кірыл Балахонаў, якога асудзілі за чат

21-гадовы Кірыл Балахонаў быў адным з пяці ўдзельнікаў закрытага чата «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта». Сцвярджалася, што хлопец збіраўся паехаць абараняць Украіну.

Маладога чалавека, затрымалі 8 лістапада 2022 года, калі яму было ўсяго 18 гадоў.

Франак Вячорка разам з Кірылам Балахонавым у Вільні. Фота: Офіс Ціханоўскай

Хлопца судзілі па двух артыкулах КК — «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» (арт. 361-1) і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4).

Суддзя Алена Бачышча 7 ліпеня 2023 года дала яму тры з паловай года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Беларуска ў Швецыі Галіна Краснянская

Галіна Краснянская — 69-гадовая пенсіянерка. Галіна Андрэеўна доўгі час жыла ў Швецыі, мае шведскае грамадзянства. Яна была адной з заснавальніц афіцыйнай суполкі беларускай дыяспары, актыўна ўдзельнічала ў яе жыцці. Пры гэтым яна перыядычна вярталася ў Беларусь, каб наведаць сваякоў.

Падчас аднаго з такіх візітаў жанчыну і затрымалі. Здарылася гэта 27 красавіка 2023 года.

Галіна Краснянская. Фота: Офіс Ціханоўскай

Галіну абвінавачвалі па арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса — «удзел або падрыхтоўка да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях». 12 студзеня 2024 года суддзя Алена Ананіч дала ёй 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Анархіст Акіхіра Гаеўскі-Ханада

Акіхіра Гаеўскі-Ханада —25 гадовы актывіст анархісцкага руху. Сын беларуса Святаслава Гаеўскага, трэнера па каратэ, родам са Слуцка. Маці Акіхіра — японка Тамока Ханада, працавала сакратаром па культуры японскай амбасады ў Беларусі.

Хлопца затрымалі 12 жніўня 2020 года. Яго абвінавачвалі адразу па 13 артыкулах Крымінальнага кодэкса. 

 Акіхіра Гаеўскі-Ханада

6 верасня 2022 года быў вынесены прысуд Акіхіру: 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў. 

Пасля апеляцыйных скаргаў канчатковы тэрмін зняволення быў 15 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула