Лукашэнка — Келагу: Шуму вы нарабілі сваім прыездам
Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся ў Палацы Незалежнасці са спецпрадстаўніком Трампа Кітам Келагам.
«Шуму вы нарабілі ў свеце вельмі шмат сваім прыездам. Але я здзіўлены, чаму. Няўжо мы не можам весці нармальны дыялог і размаўляць пра нашы справы — пра адносіны паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі Амерыкі? Вельмі рады, спадар генерал, сустрэцца з вамі. Я вельмі спадзяюся, што наша гутарка будзе вельмі шчырай, адкрытай. Інакш навошта сустракацца? Калі хітрыць, мудраваць адзін перад адным, мы выніку не дасягнем», — цытуе словы Лукашэнкі Пул першага.
У сваю чаргу Кіт Келаг падзякаваў за гасціннасць і сустрэчу.
«Мы жывём у вельмі небяспечны час, калі тыя крызісы, з якімі мы сутыкаемся, могуць рэзка эскалаваць, разрастацца, калі мы не будзем мудрымі і справядлівымі», — сказаў ён.
У адказ на гэта Лукашэнка падкрэсліў: «Спадар генерал, я вам абяцаю, што вы будзеце ў поўнай бяспецы на тэрыторыі Беларусі, і за гэты час не адбудзецца ніякай эскалацыі не толькі ў Беларусі, але і вакол нас».