«Значыць, я шмат добрага зрабіла». За што расійскую валанцёрку Надзін Гейслер, якая дапамагала ўкраінцам, прыгаварылі да 22 гадоў калоніі
У пятніцу суд у Белгарадзе прыгаварыў 30-гадовую валанцёрку Надзін Гейслер да 22 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу чатыры тысячы даляраў па абвінавачаннях у дзяржаўнай здрадзе, садзеянні тэрарызму і публічных закліках супраць бяспекі РФ. У аснову ўсіх трох крымінальных справаў лёг адзін эпізод — допіс у інстаграме, датычнасць да якога абвінавачанай следства нават не стала даказваць, кажа яе абарона.
Надзін Гейслер. Фота: Радыё Свабода
Абвінаваўца запатрабаваў для Надзін Гейслер 27 гадоў пазбаўлення волі. Суд «улічыў змякчальныя акалічнасці» і прызначыў 22 гады. Гэта самы жорсткі прысуд, вынесены жанчыне за негвалтоўнае злачынства, піша Расійская Радыё Свабода са спасылкай на «Акно»
— Іншых тэрмінаў мы і не чакалі. Тры складнікі — гэта публічныя заклікі да дзейнасці супраць бяспекі Расійскай Федэрацыі, фінансаванне тэрарызму і дзяржаўная здрада — ужо ўказваюць на тое, што маленькага тэрміну не будзе. Вядома, уся практыка апошніх гадоў сведчыць аб тым, што ніякага апраўдальнага прысуду ў такіх справах не бывае, — каментуе каардынатар абароны Гейслер, юрыст Аляксей Пранішнікаў.
Надзін Гейслер (сапраўднае імя — Надзея Расінская) — лідарка «Арміі прыгажунь», жаночага валанцёрскага руху, які ўзнік у Белгарадзе пасля пачатку вайны з Украінай.
«Прыгажуні» збіралі гуманітарную дапамогу для ўкраінцаў, якія пацярпелі ад ваенных дзеянняў, ратавалі жывёл, займаліся эвакуацыяй украінскіх уцекачоў — што важна, на тэрыторыю Украіны, не акупаваную расійскай арміяй.
Надзін затрымалі ў лютым 2024 года ў Белгарадзе пры вяртанні з Грузіі. Паводле версіі абвінавачання, летам 2023 года Расінская апублікавала ў Instagram заклік пералічваць грошы ўкраінскаму батальёну «Азоў». Аднак акaўнт, з якога зроблены пост, не належыць Гейслер, яна ім не кіруе, сцвярджае абарона. Валанцёрка не прызнала віну. Агенцтва ТАСС сцвярджала, што, па версіі следства, Расінская і сама данаціла «Азову».
Пасля затрымання Надзін яе сяброўкі спынілі дзейнасць, з таго часу акаўнты «Арміі прыгажунь» у сацсетках не абнаўляюцца.
«Для яе валанцёрства не праца, а місія»
Журналіст Антон Сцерыкаў пазнаёміўся з Надзін у Грузіі, яны пасябравалі.
— Для яе валанцёрства не праца, а місія. Гэта самае падыходзячае слова, напэўна, каб апісаць яе стаўленне да таго, чым яна займалася. Да вайны яна была зоаваланцёркай у Белгарадзе, лячыла і выхажвала катоў і сабак, — распавядае Антон.
Яўгенія, мама Надзін, кажа, што яе дачка з дзяцінства цягнула дадому ўсіх хворых жывёл, яе ведалі ва ўсіх клініках.
— Яна яшчэ ў садок хадзіла, выхавальніца адвярнулася, а яна дзяўчынак з групы да нас дадому прывяла і раздала ім свае лялькі. Сказала мне: «Мама, ну, у іх жа няма лялек, а цяпер ёсць». Ці вярнулася я дадому, а яна валасы абрэзала доўгія. Навошта, чаму, пытаюся. А яна: у сяброўкі косаў няма, яна засмучаецца з-за гэтага, вось і абрэзала, каб яна не плакала. Ну, вось такая яна па жыцці, яе не перарабіць, — кажа Яўгенія.
Калі пачалася вайна, Надзін патэлефанавала сяброўка з Харкава. Патэлефанавала, каб развітацца. Сказала, што ім няма чаго есці, вось толькі сабаку. І Надзін вывезла адтуль усю яе сям’ю — сем чалавек і двух сабак.
— Яе гэта гісторыя вельмі моцна зачапіла, яна пасяліла іх у сябе ў кватэры, адразу пачала пісаць у Instagram. А раніцай папрасіла нас з’ездзіць з ёй у суседні горад у краму і мы поўнасцю запоўнілі машыну прадуктамі, якія адвезлі да яе ў кватэру, — успамінае Яўгенія. — А потым ёй іншыя сталі тэлефанаваць, прасіць аб дапамозе, перадавалі тэлефон іншым. У кватэры з’явіліся лекі, памперсы, там сесці было няма дзе. Надзін з сястрой вырашылі арандаваць склад, да яе сталі далучацца добрыя людзі, хто на тры дні прыязджаў дапамагчы, хто на тыдзень.
Усё больш з’яўлялася і тых, каму была патрэбна дапамога.
— Кожнага з гэтых бежанцаў яна вывозіла, быццам каго‑небудзь свайго, блізкага. Спала ўрыўкамі, па некалькі гадзін, калі прыйдзецца. А трэцяй, а чацвертай раніцы магла па тэлефоне размаўляць, каго‑небудзь кансультуючы. Адзін тэлефон разраджаецца ад пастаянных званкоў, яна ставіць яго на зараду і бярэ другі.
На кухні ў Грузіі ў яе ватман вісеў, увесь у стыкерах, з нейкімі цякучымі задачамі. Адным памперсы, другім лекі, трэцім яшчэ што‑небудзь. Гэтыя стыкеры кожны дзень мяняліся, — распавядае Антон. — У яе, вядома, проста дзівосная працаздольнасць. І пры гэтым яна вельмі сціплая ў побыце, яна публікавала пасты, каб сабраць ёй грошай на арэнду кватэры, заставіла сабе трохі на ежу.
Да Надзін пастаянна звярталіся па дапамогу. Але яе складам з гуманітаркай у Белгарадзе хутка зацікавіліся сілавікі, якія не раз туды прыходзілі. Акрамя таго, успамінаюць знаёмыя Надзін, у яе былі канфлікты з белгарадскімі Z‑валанцёрамі. Хутка ўе яе бацькоў у вёсцы пад Белгарадам раптам згарэла цяпліца — яны вырошчваюць кветкі на продаж.
— Я там усё зрабіла, усё паліла, увесь дзень працавала. А ў 11 у вечары суседка тэлефануе: ваша цяпліца гарыць! Яна імгненна згарэла. Пажарныя былі, але там ужо было не дапамагчы. А каля 6 раніцы раптам пачаў падаць снег, проста па калена адразу нападала. Прыязджаў эксперт, але слядоў было не знайсці, усё заліта вадой і засыпана снегам, — распавядае Яўгенія. — Надзенька да нас адразу прымчалася, я не ведаю, падпал гэта быў ці што і за што, але яна адразу вырашыла, што гэта ёй папярэджанне.
Пасля гэтага Надзін з’ехала з Расіі. Па словах сяброў, спачатку яна ненадоўга жыла ў Турцыі, грошай вечна не было, часам даводзілася начаваць на вуліцы. Потым з’ехала ў Грузію, зняла невялікую кватэру ў Поці.
Аляксандр дапамог Надзін у яе валянцёрскай дзейнасці. Успамінае, што працы станавілася з кожным днём усё больш.
— Зваротаў было вельмі шмат, нам не хапала рук і не было фінансавай магчымасці ўсім дапамагчы, — кажа ён. — Надзін — вельмі сумленная, душэўная, шчырая і чысты чалавек, ёй было балюча ад таго, што не атрымліваецца ўсім дапамагчы, яна не магла прайсці міма чужога гора.
Пасля затрымання Надзін Аляксандр тэрмінова з’ехаў за мяжу.
— Мы ўсе ашалелі, калі пачулі ад Надзін, што яна будзе вяртацца ў Расію, бо зразумела было, што за ёй сачылі і раней і цяпер у спакоі не пакінуць, усе яе ад гэтага кроку адгаворвалі. Але яна сказала, што данатаў вельмі мала, жыць проста няма на што, дома ёй будзе прасцей. Так і сказала: «Ну, а якія варыянты?». І з’ехала, — кажа адзін з яе прыяцеляў.
Пераканаць ад вяртання ніхто не змог.
— Яна вось для іншых не баіцца прасіць, а за сябе слова не скажа. Яна казала, што плаціць за кватэру няма чым, есці няма чаго, яна вельмі стамілася і хоча дамоў. Прыязджае да нас у дом, змучаная, цалкам выгараўшая, амаль мёртвая і тыдзень проста спала, — распавядае мама Надзін.
— А потым з малодшым братам паехала ў горад на кватэру, дзень яны там пражылі, а 2 лютага ў 7 раніцы да нас прыйшлі аператыўнікі па трох адрасах: на кватэру Надзін, да нас дадому і да яе сястры.
Незадоўга да гэтага затрымалі яе сяброўку за данаты — яна дасылала грошы Надзін на дапамогу бежанцам. Пасля затрымання і допыту Гейслер адправілі ў СІЗА. Сябры дзяўчыны тэрмінова арганізавалі для яе збор у сацсетках на адваката, і за дзень ёй перавялі 600 000 рублёў (7 тысяч даляраў).
— Такія людзі, як Надзін, якія бескарысліва дапамагаюць іншым, пуцінскай Расіі не патрэбны і не выгадныя, — лічыць Аляксандр. — Бо ў фаворы ў рэжыму людажоры, якія за капейку і без лішніх разважанняў і пытанняў паедуць забіваць людзей у іншую краіну.
— Хочацца верыць, канечне, што калі-небудзь такія людзі, як Надзін, будуць у Расіі ўзначальваць міністэрствы. Упэўнены, што там як гадзінніу б усё б працавала, — не сумняваецца Антон Сцерыкаў. — Пры Пуціне такім, як Надзін, месца толькі ў турме. Абсалютна людаедская гісторыя.
«У справе ніводнага доказу»
Калі Надзін затрымлівалі, «на яе замахваліся, але не білі», кажа яе мама.
— Пасля арышту яе прывялі ў падвал. Аператыўнік, які стаяў ззаду, сказаў: «Стандартныя метады?». А другі адказаў яму, што не трэба: яе нельга, яна занадта медыйная, мне Надзін гэта пасля расказала, — кажа Яўгенія.
— Надзенька амаль увесь час сядзіць у адзіночцы. У яе была месяцы тры суседка — Сафія Рыжкова, яе асудзілі за шпіёнства на карысць Украіны, далі 11 гадоў. Соню да СІЗА трымалі ў вайсковым лагеры, білі электрашокерам, голай перад мужыкамі ставілі, прымушалі спяваць гімн — увогуле, здзекваліся, як хацелі. А потым яна сядзела ў камеры з Адзінажон Назімавай, яна 5 000 рублёў (60 даляраў) пералічыла дзеткам ва Украіну, яе цяжарную арыштавалі, пад канвоем на роды везлі, дзіця адразу адабралі і бацьку аддалі, а яе далей па этапе адправілі. Соня ў Піцеры зараз у калоніі, Адзінажон ва Уладзіміры, я пішу ім лісты.
Справа Надзін Гейслер вылучаецца нават на фоне самых адыёзных працэсаў па дзяржаўнай здрадзе, заведзенай у Расіі пасля пачатку вайны ва Украіне.
— Звычайна ў такіх справах, звязаных з фінансаваннем УСУ і гэтак далей, ёсць хаця б што-небудзь (хаця б якіясь скрыншоты), што магло б прэтэндаваць на ролю аб’ектыўнага доказу. Так вось, у гэтай справе няма ні аднаго такога доказу! — кажа адвакат Пранішнікаў. — Возьмем нават самыя кепскія паказанні, самых кепкіх сведак, у тым ліку засакрэчаных. Яны кажуць толькі аб тым, што вось, так, мы ведаем, яна дапамагала выязджаць сем’ям грамадзян Украіны з акупаваных тэрыторый.
Гэтыя людзі вярталіся ва Украіну, на тую частку, якая не знаходзілася пад акупацыяй. Увогуле, нават нядобразычліўцы, у выглядзе тайных сведак, у выглядзе падсаджанай ёй у камеру следчага ізалятара суседкі, якая спрабавала яе раскруціць на размовы, не сказалі ні слова пра тое, што мела месца фінансаванне УСУ. Няма ні слова на гэту тэму, нідзе, ні ў каго. Няма ніводнага аб’ектыўнага доказу, які пацвярджаў бы, што той акаўнт у Instagram кантралявала Надзея. Няма нічога і па IP-адрасах. Яны не могуць нічога пацвердзіць. Мы ўжо прывыклі да таго, як ідуць такія працэсы, але тут яны нават не спрабавалі папрацаваць, хоць як-небудзь прыдумаць больш кваліфікавана, каб указвала на сувязі з УСУ.
Усе тры складнікі абвінавачання абапіраюцца на пост у чужым акаўнце Instagram з рэквізітамі ўкраінскага банка і той факт, што адна з валанцёрак «Арміі прыгажунь» — грамадзянка Украіны, тлумачыць абарона.
— І плюс да ўсяго, сам факт таго, што яна дапамагала менавіта грамадзянам Украіны, быў інтэрпрэтаваны такім чынам, што вось яна — вораг і дапамагае ворагам.
А тое, што вы гэтых людзей і гэтую краіну самі ворагамі назвалі, самі прыдумалі, самі пакрыўдзіліся і самі з гэтым жывяце, ну гэта ўжо нікога не ўзрушыла, — кажа Пранішнікаў. — Асноўным крытэрыем для таго, каб яе абвінаваціць ва ўсім гэтым, з'яўляецца менавіта тое, што яна дапамагала грамадзянам Украіны. Пры гэтым ёсць вельмі шмат валанцёраў з боку Расіі, якія рабілі тое ж самае. Адзінае, чаго яны не рабілі — не дапамагалі гэтым людзям выехаць далей, на тэрыторыю Украіны, у неакупаваную частку.
Паводле слоў каардынатара абароны Надзін Гейслер, аператыўнікі ФСБ, якія вялі справу, самі разумелі слабасць сваёй доказнай базы і ўсе паўтара года з моманту затрымання падазраванай спрабавалі схіліць яе да прызнання віны. У ход ішлі і ўгаворы, і пагрозы, і ціск на сваякоў, якія па-сямейнаму вельмі падтрымлівалі Надзею. Нават падсаджаная да яе ў камеру суседка спрабавала размовіць яе не на новы крымінальны склад, як гэта звычайна адбываецца ў выпадках палітычных пераследаў, а на доказы ўжо прад'яўленага абвінавачвання:
— Насамрэч, я ніводную з гэтых спраў аб дзяржздрадзе не лічу справядлівай. Але калі разважаць як юрыст, то ў іншых справах хаця б сцвярджалася, што той ці іншы чалавек сто даляраў заданаціў, і гэта знайшлі ў яго пры перасячэнні мяжы. Пры ўездзе, напрыклад, у Расію знайшлі дадатак замежнага банка, і там гэта ўбачылі. Натуральна, гэта таксама цягнуць саву на глобус, што да дзяржздрады, але хаця б нейкія спробы абставіць усё больш-менш прыстойна. А тут нават спробы не было. Усе метады збору доказаў указваюць менавіта на тое, што следства з самага пачатку адчувала сваю слабасць, слабасць сваёй пазіцыі, — кажа Пранішнікаў.
Адвакаты ўжо рыхтуюцца падаваць апеляцыйную скаргу, але максімум, на што спадзяюцца — гэта невялікая карэкціроўка тэрміну.
— Суддзя, бачыце, вывеў з сябе вобраз гуманіста, і гуманнасць заключаецца ў тым, што замест 27 запатрабаваных гадоў даў 22 гады. Але калі чалавеку 30 гадоў, як Надзеі, то вялікай розніцы няма — дадаць да 30 гадоў 22 ці 27. І тое, і другое азначае, што ў чалавека не будзе ні сям’і, ні дзяцей. Гэта значыць, нічога таго, за што ў нас нібыта змагаецца цяпер дзяржава.
Пасля таго, як быў абвешчаны запатрабаваны пракурорам тэрмін, Надзея жартавала, што папросіць суд дадаць да 27 гадоў адзін дзень — каб пабіць рэкорд прысуду, прызначанага Дар’і Трэпавай, асуджанай за забойства Z-прапагандыста Уладлена Татарскага. Гэта — абаронная рэакцыя, лічыць Пранішнікаў.
— Я не ўпэўнены, што той аптымізм, які яна паказвала, і тыя жарты, якія яна гаварыла з клеткі, гэта ўсё прыкметы таго, што яна аптымістка, спакойна на ўсё глядзіць. Не, я думаю, што гэта абаронная рэакцыя яе псіхікі. Гэта рэальны для яе ўдар. Бо на працягу ўсяго следства яна была жорстка прыгнечаная. А цяпер мы бачым рэакцыю на такі моцны ўдар, — кажа ён.
— А пасля вайны, як вы думаеце, могуць быць перагледжаны такія справы?
— Гэта, на мой погляд, будзе залежаць ад таго, на якіх умовах яна скончыцца. І хто пасля яе завяршэння будзе ва ўладзе. Вось і ўсё.
Мама Надзін кажа, што настрой у дачкі «баявіты, як заўсёды».
— Яна, калі пачула, які ёй далі тэрмін, сказала: «Такі вялікі тэрмін далі — значыць, я шмат усяго добрага зрабіла», — кажа Яўгенія.
З апошняга слова Надзін у судзе
«Я лічу, што ўсе 14 тамоў маёй крымінальнай справы складаюцца з хлусні і здагадкаў ФСБ. Пры разглядзе справы па сутнасці на судзе бачна, што ніякіх доказаў маёй віны няма: былі агучаныя чуткі, здагадкі і меркаванні, якія не з’яўляюцца доказамі. Належнасць акаўнта не даказаная, не ўсталяваны нават IP прылады. Пераклады рабіліся замежнай грамадзянкай асабіста са сваёй прылады і мабільнага банка, да якіх я не мела доступу, пра што яна гаварыла не хаваючы…
Бок абвінавачвання двойчы прад'яўляе мне, што я дапамагла 11-гадоваму хлопчыку вярнуцца ва Украіну да маці, якая калісьці была ў шэрагах УСУ. Але не за тое, што дзіця нарэшце ўз’ядналася з маці, якую не бачыла з самага пачатку ўзброенага канфлікту.
Я ж акцэнтавала ўвагу на тым, што пытанне ставіцца менавіта пад такім вуглом, што мы знішчаем інстытут маралі і інстытут сям’і: маці і дзіця недатыкальныя і не павінны мець палітычнай афарбоўкі.
Калі ўпаўнаважаная па справах дзіцяці Марыя Львова-Бялова кажа ў інтэрв’ю, што пры яе садзейнічанні вярнулі дадому дзіця ва Украіну да маці, нягледзячы на тое, што яна таксама з’яўляецца вайскоўцай украінскай арміі, у гэтым ніхто не бачыць праўкраінскую пазіцыю. Калі гэта раблю я — прычым не за месяцы, а за тыдзень — мая дабрыня кладзецца ў аснову крымінальнай справы. Я задаюся пытаннем: а ў чым розніца? Чаму ж мне не дзякуюць за дапамогу? Бо гэта зроблена не рукамі дзяржавы, а маімі і рукамі такіх жа неабыякавых людзей, як і я. З’яўляецца адчуванне, што я жыву ў нейкім антысвеце, дзе кожнае маё слова і ўчынак наўмысна скажоныя…
Але нават калі мяне асудзяць, калі я і скончу сваё жыццё ў сценах калоніі, то не памру бяздзетнай, як гэтага хацелі некаторыя. Я сама ўзнагародзіла сябе правам лічыцца шматдзетнай маці. Маці ўсіх дзяцей, якім удалося дапамагчы. І ніякае пакаранне ніколі не зацямніць радасці і ўсведамлення таго, што ўсе яны жывыя і ў бяспецы. Можна сфальсіфікаваць матэрыялы справы. Можна запалохаць і стварыць сведкаў. Але нельга знішчыць праўду ў выглядзе дзясяткаў тысяч людзей, якім была аказаная дапамога, і мільёнаў людзей, што сталі сведкамі гэтага.
Я змагалася за кожнае чалавечае жыццё ўсімі магчымымі і немагчымымі спосабамі. Я дазваляла сабе раскошу ў выглядзе асабістага меркавання і яго публічнага выказвання. Я гаварыла праўду, якую хацелі схаваць. Але я не злачынца і не забойца, а на маіх руках няма ні кроплі крыві. А мне ўсё роўна запатрабавалі 27 гадоў. Як і патрабавалі. Але мая першачарговая мэта — не быць на волі, а быць чалавекам. Калі ўсё ж мяне не апраўдаюць, і калі раптам будзе запатрабаваны тэрмін 27 гадоў, дык дайце тады 27 гадоў і адзін дзень. Хай хоць нешта незвычайнае будзе. Паб’ю новы жаночы рэкорд».