Дзе і як беларусы сёлета будуць святкаваць Купалле
Беларусы ў розных краінах свету будуць святкаваць Купалле. Песні, танцы, карагоды, гульні і конкурсы, збор зёлак, купальскае вогнішча і пошук Папараць-кветкі — праграма святкавання надзвычай насычаная і разнастайная. «Будзьма» сабрала для вас некалькі варыянтаў, дзе можна адзначыць Купалле ў Беларусі і за мяжой.
Беларусь, Мінск и Мінская вобласць
Купалле ў Азярцы
Дата: 21 чэрвеня
Час: 19:00-22:00 (час мясцовы)
Месца: Музей народнай архітэктуры і побыту
У суботу, 21 чэрвеня, у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы святкуюць Купалле.
У таямнічую купальскую ноч уся вясковая грамада збіралася ля вогнішча, каб спаліць старыя рэчы, павадзіць карагоды і зладзіць вясёлыя гулянні.
Менавіта ў купальскую ноч кожны прагнуў адшукаць папараць-кветку і авалодаць усімі ведамі зямлі.
А вядзьмаркі і чараўнікі карысталіся магчымасцю ператварыцца на адну ноч у змей, каб нарабіць шкоды людзям.
Вас чакае: пляценне вянкоў, купальскае шэсце з традыцыйнымі песнямі, вогнішча: карагоды, гульні, скокі, варожбы на вянках і зеляніне, чарадзейныя казкі, майстар-класы па вывучэнні купальскіх песень, традыцыйным танцам пад беларускія народныя інструменты, па дэкоры з травы, рыцарская і «вядзьмачая» пляцоўкі, выступленні фальклорных калектываў.
Купалле ў Суле
Дата: 21-22 чэрвеня
Час: пачатак 21 чэрвеня ў 14:00 (час мясцовы)
Месца: парк гісторыі Сула
Гэтымі выходнымі, 21 і 22 чэрвеня, у Суле святкуюць Купалле. Абяцаюць вельмі насычаную праграму. Завітвайце!
Гродзенская вобласць
Купалле ў Залессі
Дата: 5 ліпеня
Час: 20:00-23:55 (час мясцовы)
Месца: паркавая зона Залескага Дома культуры
У Залессі на ўсю моц святкуюць Купалле. Адмысловую ноч, напоўненую таямніцамі, абрадамі і агнём, сустракаюць у Залессі, каб дакрануцца да сапраўднай традыцыі і адчуць атмасферу і энергію.
У праграме:
- Тэатр агню, этнічнага танца і музыкі «Кетры»
- Відовішчнае фаер-шоу «Кустудыя»
- Легендарны Іван Кірчук — голас і душа беларускага фальклору
- Народны ансамбль песні «Вечарынка»
- Узорны фальклорны калектыў «Нальшчаначка»
- Кавер-група «УРАГАН»
- Дыджэй Траян.
Грузія
Купальскае прэпаці ў Тбілісі
Дата: 21 чэрвеня
Час: 16:00-20:00 (час мясцовы)
Месца: бар «Рapers» (вул. Анджапарыдзэ, 1)
У суботу, 21 чэрвеня, у дворыку бара «Рapers» ладзяць прэпаці да Купалля.
Прыходзьце адзначаць дзень летняга сонцастаяння, плесці вянкі і глядзець кіно.
Глядзець прапануюць дакументальны фільм Альгімантаса Відугірыса «Забытыя багі. Купала», зняты ў 1990-м у Беларусі. Фільм распавядае пра вытокі і традыцыі Купалля. Яшчэ вас чакае пляценне купальскіх вянкоў і адмысловы купальскі дыджэй-сэт.
Уваход вольны.
ЗША
Купалле ў Вашынгтоне з Сержуком Доўгушавым
Дата: 22 чэрвеня
Час: 17:00-20:00 (час мясцовы)
Месца: Fletchers Cove Park (4940 Canal Rd NW)
У нядзелю, 22 чэрвеня, беларусы Вашынгтона святкуюць Купалле і клічуць далучацца! Вядоўцам будзе захавальнік і папулярызатар традыцыйнай беларускай культуры Сяржук Доўгушаў.
Вас чакае:
- пляценне купальскіх вянкоў
- музыка і песні
- танцы і карагоды
- конкурсы і гульні (магчымы нават пошук папараць-кветкі)
- купальскае вогнішча
- фотасэт каля вады.
Купалле ў Лос-Анджэлесе
Дата: 21 чэрвеня
Час: 12:00-21:00 (час мясцовы)
Месца: Huntington State Beach (21601 Pacific Coast Hwy)
У суботу, 21 чэрвеня, беларусы Лос-Анджэлеса, Орандж-Каўнці і Сан-Дыега святкуюць Купалле на пляжы.
Вас чакае: пляценне вянкоў, спяванне беларускіх народных песень, народныя танцы, гульні, спаборніцтвы па валейболе, запальванне купальскага вогнішча, дзіцячая праграма, розыгрыш.
Купалле ў Філадэльфіі
Дата: 20-22 чэрвеня
Час: 17:00-15:00 (час мясцовы)
Месца: Tobyhanna State Park (114 Campground Road Tobyhanna)
З пятніцы па нядзелю, з 20 па 22 чэрвеня, беларусы Філадэльфіі святкуюць Купалле. Купальскую праграму прадставіць музыка і папулярызатар традыцыйнай культуры Сяржук Доўгушаў.
Вас чакаюць:
- Скокі праз вогнішча
- Пошукі папараць-кветкі
- Жывая музыка і спевы
- Карагоды і народныя танцы
- Конкурс на лепшы купальскі строй
- Кіно пад зоркамі
- Спартыўныя гульні і забавы
- Silent Rave Party з DJ D*MARK.
Літва
Майстар-клас па купальскіх вянках у Вільні
Дата: 21 чэрвеня
Час: 15:00-17:00 (час мясцовы)
Месца: «Кропка» (Savičiaus g. 6)
У суботу, 21 чэрвеня, у краме «Кропка» ладзяць майстар-клас па беларускіх купальскіх спевах.
Падчас заняткаў вы навучыцеся спяваць купальскія песні, паглыбіцеся ў сэнсы і традыцыі, заспяваеце разам ад душы.
Не трэба быць спеваком — проста прыходзьце з адкрытым сэрцам. Уваход вольны, данаты вітаюцца.
Нідэрланды
Купалле на Паўночным моры
Дата: 21 чэрвеня
Час: 16:00-21:30 (час мясцовы)
Месца: BeachLine Hoek van Holland (Rechtestraat 25, 3151 HN)
21 чэрвеня, у суботу, беларусы Нідэрландаў святкуюць Купалле на ўзбярэжжы Паўночнага мора. Фэст пачнецца ў 16.00 і працягваецца да захаду сонца.
Дрэс-код — вышыванка або любое адзенне белага колеру.
У праграме:
- Купальскі кірмаш
- Музычны джэм
- Шахматны стол
- Жаночая купальская медытацыя на беразе мора
- Майстар-клас па пляценню вянкоў ад Наталлі Воўк
- Гульня-квэст для дзетак «Пошук папараць-кветкі»
- Канцэрт рок-гурта «Relikt» на захадзе сонца
- Спевы, гульні, танцы каля вогнішча з этнамузыкамі
- Дыджэйскі сэт ад Papa Bo і шмат чаго іншага.
Польшча
Купалле ў Аўгустове
Дата: 20-22 чэрвеня
Месца: Возера Biale каля Аўгустова
Напрыканцы тыдня, з 20 па 22 чэрвеня, беларусы Беластока клічуць святкаваць Купалле на беразе возера Biale каля Аўгустова.
Вас чакаюць абрады і традыцыі, заплыў, конкурсы і прызы, вянкі, традыцыйныя стравы і напоі, папараць-кветка ды вогнішча. А таксама цудоўная прырода, добрая кампанія і актыўныя гульні.
Бярыце з сабой намёты, спальнікі і дыванкі.
Варшава
Купалле ў Варшаве
Дата: 21 чэрвеня
Час: 16:00-23:00 (час мясцовы)
Месца: Plaża Na Saskiej Kępie (Wisla Bijacz)
21 чэрвеня беларусы ў Варшаве традыцыйна сустракаюцца на беразе Віслы, каб адзначыць Купалле.
Спевы, танцы, варажба, пошукі папараць-кветкі і яднанне добрых сілаў супраць злых.