У Мінск прыляцеў кіраўнік расійскага Следчага камітэта
Сярод іншага Аляксандр Бастрыкін сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і ўручыў яму медаль Следчага камітэта Расіі «80 гадоў Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне».
Адносна ж сутнаснага боку візіту, то сам Бастрыкін паведаміў, што абмяркоўваў з Аляксандрам Лукашэнкам магчымасці супрацоўніцтва следчых органаў Беларусі і Расіі. Мэта яго паездкі — правядзенне працоўнай нарады па актуальных крымінальных справах і абмеркаванне стварэння сумесных следча-аператыўных груп па тых выпадках, дзе закранаюцца інтарэсы абедзвюх краін.
Акрамя таго, бакі абмеркавалі праблему незаконнай міграцыі, якая застаецца актуальнай для Расіі. Бастрыкін таксама расказаў пра ўдзел расійскага Следчага камітэта ў расследаваннях злачынстваў, звязаных з вайной ва Украіне. Ён назваў размову з Лукашэнкам шчырай, цікавай і карыснай.
Таксама Бастрыкін прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай праблемам крыміналістыкі, крымінальнага права і працэсу. Ён падкрэсліў, што не мае намеру дзяліцца досведам з заходнімі краінамі і выступае за стварэнне ўласных расійскіх тэхналогій у галіне лічбавага раскрыцця злачынстваў. З беларусамі, паводле яго слоў, супрацоўніцтва адбываецца адкрыта і актыўна.
Чытайце таксама:
Лукашэнка: Беларусь заўсёды была, ёсць і будзе разам з Расіяй
Лукашэнка: Беларусы нічым не адрозніваюцца ад людзей, якія нарадзіліся ў Пскове ці Ленінградзе
Забойствы Дар'і Дугінай і Уладлена Татарскага раскрылі пры дапамозе штучнага інтэлекту — СК Расіі