Колькі каштуе хатняя аптэчка ў Беларусі, Літве і Польшчы? Параўналі цэны
Сабраць неабходныя для дома лекі ў Польшчы выйдзе на 27% даражэй, чым у Беларусі. Пры гэтым мінімальны польскі заробак амаль на 80% большы за беларускі. Параўналі, колькі хатняя аптэчка будзе каштаваць у нас і ў суседзяў.
Беларуская аптэка. Фота: «Наша Ніва»
У склад базавай хатняй аптэчкі для трох краін мы будзем лічыць наступныя прэпараты:
- парацэтамол,
- ібупрафен,
- но-шпа,
- спазмалгон,
- пантэнол,
- анальгін,
- німесіл,
- перакіс вадароду,
- валідол,
- карвалол,
- нашатырны спірт,
- супрастын,
- смекта,
- назол,
- а таксама інструменты — жгут, шпрыцы, градуснік.
Асобна параўнаем некаторыя папулярныя (згодна з сэрвісам «Таблетка бай») медыкаменты: канверс, юперыа, фенібут, кардыямагніл, ацыклавір.
Беларусь — 171 рубель
Пантэнол у аэразолі і смекта са смакам апельсіну. Ілюстрацыйная выява
Мінімальны набор лекаў у Беларусі будзе каштаваць 171 рубель. Самымі дарагімі тут можна лічыць прэпараты, якія не вырабляюцца ў краіне. Напрыклад, венгерскі супрастын ці французскую смекту — цэны на іх будуць па 13,80 і 29 рублёў адпаведна.
16-17 рублёў будзе каштаваць пантэнол у аэразолі, а перакіс вадароду — каля 1,5 рубля. Параўнальна таннымі ў Беларусі аказаліся інструменты: жгут тут можна набыць за 4,4 рубля, а электронны градуснік і чатыры шпрыцы — за 20 рублёў і па 18 капеек за штуку.
Сярод іншых папулярных у беларусаў лекаў самым дарагім стаў юперыа — прэпарат для лячэння сардэчнай недастатковасці з гіпатэнзіўным эфектам. За 28 таблетак спатрэбіцца заплаціць 117 рублёў.
Ацыклавір у Беларусі каштуе 6,4 рубля за 30 таблетак, а фенібут — 10,4 рубля. Нямецкі кардыямагніл прадаюць па 2,7 рубля, а славенскі канверс, які выкарыстоўваюць для пашырэння сасудаў, — за 13 рублёў.
Літва — каля 320 беларускіх рублёў
Парацэтамол і но-шпа ў літоўскіх аптэках. Ілюстрацыйная выява
Згодна з анлайн-каталогам літоўскай сеткі аптэк Gintarine vaistine, такая хатняя аптэчка ў суседзяў будзе каштаваць прыблізна 85 еўра, ці каля 320 беларускіх рублёў.
Але не да ўсіх прэпаратаў са спісу ў Літве ёсць стопрацэнтныя аналагі. Спазмалгон тут бліжэй за ўсё замяніць на рэцэптурны analginas sanitas з цаной 6 еўра (22,6 рубля). Не прадаецца і німесіл — бліжэйшым да яго варыянтам з актыўным рэчывам німесуліда стане такі ж рэцэптурны aponil. Каштаваць ён будзе 8,42 еўра (31,7 рубля) за 30 таблетак.
Градуснік у Літве будзе каштаваць 6 еўра, а турнікет — трошкі больш за 9 (34 рублі). Адметна, што ў анлайн-крамах амаль не засталося нашатырнага спірту (аміяку). Цана на супрастын ад алергіі ў краіне — 5,6 еўра (21 рубель), а на карвалол — 3,49 еўра (13 рублёў).
Зусім няма ў Літве папулярнага ў Беларусі фенібута, а да запатрабаванага юперыа тут найбліжэйшы аналаг — гэта entresto за амаль 46 еўра (173,4 рубля). Ацыклавір у Вільні будзе каштаваць 14,35 еўра (54 рублі).
Польшча — каля 234 беларускіх рублёў
Німесіл і парацэтамол у польскіх аптэках. Ілюстрацыйная выява
За базавую хатнюю аптэчку ў Польшчы спатрэбіцца заплаціць 265 злотых — гэта каля 234 беларускіх рублёў.
Простыя ібупрафен і парацэтамол, калі глядзець па сайце doz.pl, у Польшчы каштуюць па 10 і 14 злотых (9 і 12 рублёў) адпаведна. У адрозненне ад Літвы, за 23 злотыя тут можна будзе набыць дзевяць сашэ рэцэптурнага німесілу і нашатырны спірт — за 5 злотых (4,4 рубля). Спрэй пантэнолу абыдзецца ў 17 злотых (15 рублёў). Смекта — у 22 злотых (19,4 рубля).
Той жа электронны градуснік у Варшаве будзе каштаваць 15 злотых (13 рублёў), а турнікет — 30 (26 рублёў). Шпрыцы прадаюцца па 49 грошаў (43 капейкі) за штуку.