БЕЛ Ł РУС

У Малдове на гей-прайдзе зноў засвяціўся «старакаталіцкі святар» з Наваградка, пра якога не было нічога чуваць больш за 5 гадоў

19.06.2025 / 23:22

Nashaniva.com

У сеціве распаўсюджваецца відэа з гей-параду ў Кішынёве 15 чэрвеня, адзін з удзельнікаў якога прадставіўся як «святар старакаталіцкай царквы» і прыйшоў на акцыю ў адпаведным уборы. Выданне Кatolik.life пазнала чалавека на відэа і нагадвае, што «святар» не мае ніякага дачынення да Каталіцкай царквы. Калісьці ён ужо грымеў у СМІ.

Гэта Дзмітрый Бондар — жыхар Навагрудка, які некалі рабіў правакацыйныя публікацыі ў Instagram, быў удзельнікам скандалаў і героем публікацый медыя. 

Дзмітрый Бондар стаў вядомым у 2018 годзе, калі ў СМІ прадставілі яго як «святара XXI стагоддзя». Ён на самой справе быў пасвечаны ў святары, але не ў Каталіцкай царкве, а ў самаабвешчанай малаколькаснай супольнасці ў Польшчы, якая называе сябе «старакаталіцкай царквой».

Да гэтага Бондар працаваў у БРСМ і кіраваў мясцовым дзяржпрадпрыемствам кінапракату. У 2019 годзе яго асудзілі за стварэнне небяспекі заражэння ВІЧ — амаль год ён быў у зняволенні.

З тых часоў Бондар больш не з'яўляўся ў інфармацыйнай прасторы. Але аказалася, што ён па-ранейшаму вядзе свой Instagram, выкладвае відэа на «духоўныя» тэмы, таксама паказвае падабенства адпраўлення імшы.

Мяркуючы па ягоных пастах, апошнім часам Бондар жыве ў Польшчы, «служыць» у Беластоку. Верагодна, у Кішынёў ён прыязджаў спецыяльна для ўдзелу ў прайдзе, правядзенне якога, дарэчы, не было дазволена ўладамі.

Апошняе фота з відам Навагрудка, прычым на фоне каталіцкага храма, Бондар выкладаў у 2022 годзе.

Чытайце таксама:

Сілавікі затрымалі мужчыну з Наваградка, які называў сябе «старакаталіцкім ксяндзом» і вёў эпатажны інстаграм

Справу «епіскапа свету» Бондара разгледзяць у Наваградку ў закрытым рэжыме

На Новы год сышоў з жыцця ўладальнік фэнтэзі-хутара Літоўка пад Навагрудкам. Магчыма, гэта самагубства

Каментары да артыкула